Кожная гадзіна вайны ва Ўкраіне прыносіць 20 новых ахвяр. Галоўныя лічбы і факты першага месяца расейскага ўварваньня

Месяц вайны Расеі супраць Украіны

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну пачалося а 5-й раніцы 24 лютага. Вайна, на якую Лукашэнка адводзіў «3–4 дні», працягваецца ўжо больш за месяц. Свабода сабрала тое, што варта ведаць пра самы буйны збройны канфлікт у Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны.

Колькасьць ахвяр

460 чалавек за дзень, амаль 20 за кожную гадзіну. Столькі жыцьцяў у сярэднім забірае вайна на тэрыторыі Ўкраіны штодзень з 24 лютага. Усяго за першы месяц вайны загінула каля 13 тысяч чалавек. Дакладная лічба ахвяраў ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны невядомая — ні Крэмль, ні афіцыйны Кіеў не публікуюць зьвестак пра свае страты. У гэтыя 13 тысяч уваходзяць прыкладна 7 000 загінулых салдат з расейскага боку (дадзеныя Пэнтагону і брытанскай выведкі), каля 5 000 загінулых украінскіх вайскоўцаў (зьвесткі Пэнтагону), а таксама прыкладна 1000 цывільных асобаў (інфармацыя ААН).

Колькасьць дзяцей, якія загінулі ва Ўкраіне

128. Такую колькасьць ахвяраў сярод непаўналетніх агучылі раніцай 24 сакавіка ў офісе Генэральнага пракурора Украіны. Яшчэ 172 дзяцей былі параненыя. Гэтая лічба можа быць большая. Улады Ўкраіны пакуль ня маюць поўнай інфармацыі аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва Марыюпалю і Чарнігава, фактычна адрэзаных ад сувязі з Кіевам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мёртвыя ляжаць у пад’ездах, на бальконах, у дварах». Што расказваюць тыя, хто выехаў з Марыюпалю. ФОТА

Колькасьць уцекачоў з Украіны

3,6 мільёна — столькі ўцекачоў выехалі з Украіны за месяц з пачатку вайны. Выехаць за мяжу з 24 лютага могуць толькі непаўналетнія і жанчыны, выезд мужчын прызыўнога ўзросту моцна абмежаваны. Каля 2,1 мільёна грамадзян Украіны выехалі ў Польшчу. Яшчэ 10 мільёнаў украінцаў, паводле ААН, перамясьціліся ўнутры краіны. Гэта самы маштабны міграцыйны крызіс у Эўропе пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не чакалі, што нам нож у сьпіну ўставяць». Што ўкраінскія ўцекачы ад вайны думаюць пра Беларусь і беларусаў. ВІДЭА

Новая хваля эміграцыі зь Беларусі

16 сакавіка міністар унутраных спраў Грузіі Вахтанг Гамэлауры паведаміў, што з 24 лютага па 16 сакавіка ў Грузію прыехалі больш за 15 700 грамадзян Беларусі. Гэта ў 10 разоў больш, чым за той жа пэрыяд у папярэднія гады. Дакладная колькасьць грамадзян Беларусі, якія пасьля 24 лютага выехалі ў іншыя краіны, пакуль не вядомая. Амбасады некаторых краін ЭЗ прыпынілі выдачу турыстычных і іншых візаў, у Менску вялізная чарга на афармленьне апастылю. Паводле дадзеных сайту dev.by, у наступныя месяцы зь Беларусі могуць зьехаць да 55% ІТ-спэцыялістаў.

Дэвальвацыя беларускага рубля

За месяц, які прайшоў з пачатку вайны Расеі супраць Украіны, расейскі рубель абваліўся прыкладна на 80%. Беларускі за той жа час патаньнеў прыкладна на 35%. Банкаўскія ведамствы абедзьвюх краін уводзяць абмежаваньні на апэрацыі з валютамі. Паводле беларускага незалежнага эканаміста Дзьмітрыя Крука, курс беларускага рубля да даляра на канец 2022 году можа скласьці 6,3.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежа будзе даражэйшая, вопратка горшая». Што стала зь беларускай эканомікай за 2,5 тыдня вайны — у 10 прыкладах

Як доўга трымаюць у аблозе Марыюпаль

27 дзён. Аблога Марыюпалю расейскімі войскамі пачалася на другі дзень вайны. За гэты час было арганізавана некалькі гуманітарных калідораў, якімі змаглі скарыстацца некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У Марыюпалі да 24 лютага 2022 году пражывалі больш за 430 тысяч чалавек. На 13 сакавіка, паводле гарадзкіх уладаў Марыюпалю, у горадзе за час расейскай аблогі і бамбаваньня жылых раёнаў загінулі больш за 2100 чалавек. Інфармацыі пра колькасьць ахвяр за месяц вайны няма. Паводле афіцыйных крыніц, падлічыць усіх ахвяр бамбаваньняў пакуль немагчыма.

У Другую сусьветную вайну Марыюпаль быў акупаваны на працягу двух гадоў. За гэты час у горадзе загінулі 10 тысяч чалавек зь мірнага насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: Расея робіць у Марыюпалі «масавае ваеннае злачынства»

Колькасьць грамадзян, што вярнуліся ва Ўкраіну

320 тысяч чалавек. Столькі грамадзян Украіны вярнуліся на радзіму пасьля пачатку баявых дзеяньняў. Пераважная большасьць зь іх — мужчыны, якія хочуць ваяваць на баку УСУ. Праз масавы ад’езд украінцаў у некаторых краінах ЭЗ узьніклі праблемы на рынку працы. Рабочых і кіроўцаў, якія павыяжджалі, пакуль няма кім замяніць.

Колькасьць выпушчаных па ўкраінскай тэрыторыі расейскіх ракет

Больш за 1080, каля 40 за дзень, амаль 2 ракеты кожную гадзіну. Такія лічбы 18 сакавіка агучылі ананімныя крыніцы ў Пэнтагоне. Расея абстрэльвае Ўкраіну ракетамі з самага першага дня вайны, для гэтага пераважна выкарыстоўваюцца сучасныя ракеты з комплексаў «Іскандэр», а таксама ракеты, якія выпускаюць з самалётаў. Паводле амэрыканскіх вайсковых дадзеных, больш за 70 ракет па Ўкраіне былі выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі, пускі ажыцьцяўляюцца з ваколіц Лунінца, Мазыра, Калінкавічаў і Нароўлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кадыраўцы нам сказалі: «Прыйдуць расейцы, вам будзе хана». Як украінку з Гастомеля прымусова прывезьлі ў Беларусь

Працэнт расейцаў, якія выступаюць за вайну ва Ўкраіне

71%. Столькі грамадзян Расеі падтрымліваюць вайну Расеі супраць Украіны і адчуваюць пры гэтым «такія пазытыўныя эмоцыі, як гонар, радасьць, павагу, давер і надзею». Пра гэта сьведчаць дадзеныя, апублікаваныя расейскай службай Радыё Свабода са спасылкай на групу незалежных сацыёлягаў. Апытаньні, праведзеныя недзяржаўным «Левада-цэнтрам» і дзяржаўным цэнтрам ВЦИОМ, паўтараюць гэтыя дадзеныя.

Паводле зьвестак брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House, за ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне Расеі супраць Украіны выказаліся 3% апытаных жыхароў беларускіх гарадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украінцы ня хочуць ваяваць зь беларусамі, але калі салдаты прыйдуць — давядзецца забіваць», — герой Майдану Парасюк

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.