Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кадыраўцы нам сказалі: «Прыйдуць расейцы, вам будзе хана». Як украінку з Гастомеля прымусова прывезьлі ў Беларусь


Наступствы бою непадалёк ад Гастомеля, 28 лютага 2022
Наступствы бою непадалёк ад Гастомеля, 28 лютага 2022

Свабода пагутарыла з украінкай, якая трапіла з Гастомеля пад Гомель.

Беларускі Чырвоны Крыж штодня дае справаздачы пра дапамогу ўкраінскім уцекачам. Паводле арганізацыі, па стане на 22 сакавіка яны аказалі дапамогу 626 украінцам. 437 чалавек нібыта паселеныя ў санаторыі пад Гомлем.

Беларускія валянтэры ўдакладнілі, што ўкраінцаў цяпер пасялілі ў санаторыях «Залатыя пяскі», «Чонкі» і «Машынабудаўнік».

Пэнсіянэрка Марыя (імя зьмененае дзеля бясьпекі) праседзела ў падвале 5-павярховага дому ў Гастомелі 24 дні.

«Каля нас аэрадром і ваенная частка. Ракеты сталі ляцець адразу, з 24 лютага. Пачаўся гэты жах, вусьціш. Ужо 25-га [лютага. — РС], здаецца, расейцы павесілі на аэрапорце свой сьцяг. Мы тым часам сядзелі ў падвале. Не было ўжо ані сьвятла, ані газу, анічога. Нас у падвале было спачатку чалавек 15, потым ужо было 8 чалавек. Падвал халодны, сядзелі ў цемры. Каб было нейкае асьвятленьне, у слоік налівалі алей, клалі вату і палілі. Таму мы былі ўсе чорныя, закураныя», — расказвае ўкраінка.

«Забралі тэлефоны, выламалі ўсе дзьверы, сказалі — „дзеля вашай бясьпекі“»

На каторысьці дзень у падвал зайшлі кадыраўцы.

«Яны зайшлі са зброяй, накіраванай на нас. І кажуць: „Ня бойцеся, мы прыйшлі вас абараняць“. Запатрабавалі аддаць ім усе тэлефоны і ключы ад кватэр. Патлумачылі, што гэта „для вашай бясьпекі“. Сказалі, што дзьверы павыломваюць — „для бясьпекі“. Мы там сядзелі і калаціліся — і дзеці, і мы. У цемры хлопец адзін, студэнт, спалохаўся і схапіўся за маю руку. Было страшна. І вось яны вартавалі потым нас са зброяй. Прыносілі ежу — відаць, разрабавалі нашы крамы. Мы практычна не былі на вуліцы, ня ведалі ніякіх навін.

Яны, калі выбілі дзьверы ў кватэрах, кампутары проста з вокнаў выкідалі — каб ніхто ні з кім не зьвязаўся, нікуды не напісаў. Мы неяк выйшлі на вуліцу зь іх дазволу і ўбачылі, што робіцца. Дамы разьбітыя, іншыя — гараць. Я набралася сьмеласьці і спыталася ў кадыраўцаў: „Ці можам мы пайсьці адсюль у якое сяло?“ Але яны нам не дазволілі. Потым у нашым падвале памерлі дзьве жанчыны. Мы іх пахавалі проста ў двары», — расказвае Марыя.

«Мы ім казалі „дзякуй“ — такая проста падзяка зь пекла»

Яна кажа, што 24 дні ў падвале не здымала абутку — баялася, што не пасьпее абуцца пры патрэбе.

«Калі яны аглядалі маю кватэру, то знайшлі мае ўзнагароды і пачалі крычаць, што я вайсковая. Але гэта ня так. Яны, можа, блага чытаюць. Але неяк супакоіліся. Потым кадыраўцы ўжо пакідалі горад і сказалі нам: „Мы вось добрыя, мы вам мір прынесьлі, а прыйдуць расейцы, і вам будзе хана“. Яшчэ яны казалі: „Мы вас разумеем, мы самі некалі сядзелі па падвалах“. І казалі рознае. Нібыта яны ехалі на вучэньні, і вось „так атрымалася“. Потым яны запісвалі зь людзьмі відэа, што нібыта людзі ім удзячныя, „што нас кармілі“. Жанчына адна адвярнулася і плакала. Мы запісалі тое відэа, каб людзі бачылі проста, што мы жывыя. Такі, ведаеце, „дзякуй“ — проста пякельная падзяка, проста зь пекла», — кажа ўкраінка.

«Беларусы дапамагалі і прасілі прабачэньня»

Потым, паводле Марыі, прыйшлі расейскія вайскоўцы. Яны сказалі людзям, што павязуць іх «у тыл, у Беларусь».

«Пад’ехалі на такіх белых браніраваных машынах, квадратных, кшталту невялікіх аўтобусаў. На іх былі надпісы „Дзеці“ і „Людзі“. І так „хутка, хутка, хутка“ на нас, і павезьлі. Ехалі праз Чарнобыльскую зону. Там так ціха. Забралі пашпарты. Тэлефонаў у нас і так не было — кадыраўцы ж адпачатку іх забралі. Мы клялі сябе, што не сышлі з Гастомеля ў першы дзень.

Прывезьлі на мяжу. Там ужо быў беларускі Чырвоны Крыж. Аддалі пашпарты. Ну, і потым нас усіх завезьлі ў санаторыі. Прыходзілі валянтэры, людзі розныя, беларусы, прыносілі дапамогу — і ежу, і вопратку, і ўсё пыталіся: „Чым дапамагчы?“. Некаторыя і плакалі разам з намі, і прасілі прабачэньня.

Мы проста пакуль адыходзім ад усяго перажытага. Мы хоць памыліся, бо былі чорныя ўсе. Ведаеце, якая моцная пайшла пераацэнка: цяпер ані грошы, ані дамы — нічога не каштоўна для нас», — дадала Марыя.

Яна кажа, што частка ўкраінцаў плянуюць паехаць у Польшчу, частка хоча вярнуцца ва Ўкраіну — таксама праз Польшчу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG