Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан накіраваў Расеі афіцыйны запыт аб сустрэчы з прадстаўнікамі кампэтэнтных органаў і абмеркаваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
Пра гэта гаворыцца ў заяве пракурора, піша «Голас Амэрыкі».
«Праца пракуратуры адносна сытуацыі ва Ўкраіне заўсёды будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з асноватворнымі прынцыпамі Рымскага статуту, — адзначыў ён. — Мы вядзём сваю работу незалежна, бесстаронна і добрасумленна. Я падкрэсьліў, што хачу ўзаемадзейнічаць з усімі бакамі канфлікту».
«У адпаведнасьці з гэтым падыходам я накіраваў Расейскай Фэдэрацыі афіцыйны запыт для сустрэчы з прадстаўнікамі іх кампэтэнтных органаў і абмеркаваньня бягучай сытуацыі, — падкрэсьліў Хан. — На мой погляд, важна, каб Расейская Фэдэрацыя актыўна ўдзельнічала ў гэтым расьсьледаваньні, і я гатовы сустрэцца зь імі».
Украіна не ўваходзіць у Міжнародны крымінальны суд (МКС), аднак падала дзьве заявы, прызнаўшы юрысдыкцыю суду ў дачыненьні да магчымых злачынстваў, учыненых на тэрыторыі краіны з 21 лістапада 2013 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіну прыбыў пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў ГаазеЗ улікам пашырэньня канфлікту Хан 28 лютага заявіў аб намеры ўключыць у працэс расьсьледаваньня і ўсе новыя магчымыя злачынствы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю МКС.
Крэмль катэгарычна адпрэчыў словы Хана пра нібыта важкія падставы для справы супраць РФ у сувязі з «ваеннай апэрацыяй» на Ўкраіне. У сераду ў Белым доме прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна спыталі, ці можна называць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ваенным злачынцам. Прэзыдэнт ЗША адказаў: «Так, я думаю, ён ваенны злачынец». Да апошняга часу амэрыканскі прэзыдэнт пазьбягаў выкарыстаньні гэтага тэрміна пры прамых пытаньнях.
Пазьней, на рэгулярным брыфінгу Белага Дома, прэс-сакратар Байдэна Джэн Псакі патлумачыла, што словы прэзыдэнта адлюстроўваюць рэальнасьць.
«Ён гаварыў пра тое, што мы ўсе бачым па тэлевізіі, — пра барбарскія дзеяньні жорсткага дыктатара, які ўварваўся ў іншую краіну», — дадала Псакі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Джо Байдэн назваў Пуціна «ваенным злачынцам»Днём раней Сэнат ЗША аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой зьмяшчаецца заклік правесьці расьсьледаваньне меркаваных ваенных злачынстваў, учыненых урадам Расеі і самім Пуціным.
У дакумэнце, які быў унесены на разгляд верхняй палаты сэнатарам-рэспубліканцам Ліндсі Грэмам, рашуча асуджаецца «гвалт, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці», якія, як мяркуецца, зьдзяйсьняюцца расейскімі ўзброенымі сіламі ва Ўкраіне пад кіраўніцтвам Пуціна.
У рэзалюцыі зьмешчаны заклік да Міжнароднага крымінальнага суду расьсьледаваць дзейнасьць Пуціна, чальцоў яго Рады бясьпекі, а таксама камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі на прадмет зьдзяйсьненьня ваенных злачынстваў.
«Гэтыя злачынствы павінны быць расьсьледаваны на прадмет выяўленьня ваенных злачынстваў», — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, кажучы аб дзеяньнях расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.
Рэзалюцыя ня мае сілы закону, аднак адлюстроўвае агульны настрой заканадаўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцамРаней у гэтым месяцы пракурор Міжнароднага крымінальнага суду пачаў расьсьледаваньне магчымых ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці ці генацыду ва Ўкраіне. Пракурор Карым Хан заявіў, што ён пачаў расьсьледаваньне пасьля таго, як з такім патрабаваньнем зьвярнуліся 39 дзяржаў-сяброў.
«Некалькі хвілін таму я апавясьціў прэзыдыюм МУС аб сваім рашэньні неадкладна прыступіць да актыўнага расьсьледаваньня, — заявіў Хан. — Наша праца ў зборы доказаў пачалася».
Хан заявіў, што расьсьледаваньне будзе разглядаць правапарушэньні, учыненыя зь лістапада 2013 году, «такім чынам ахопліваючы любыя мінулыя і цяперашнія заявы аб ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе на любой частцы тэрыторыі Ўкраіны і любой асобай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейцы разбамбілі Драматычны тэатар у Марыюпалі, нягледзячы на надпісы «Дети». Бомбасховішча вытрымала нападПраваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «злачынствам агрэсіі» ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.
«Удары па ахоўных аб’ектах, такіх як лякарні і школы, прымяненьне зброі невыбіральнага дзеяньня, як балістычныя ракеты, а таксама выкарыстаньне забароненай зброі, такой як касэтныя бомбы, могуць кваліфікавацца як ваенныя злачынствы», — заявілі праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У дачку трапіў адзін аскепак, а сын быў у аскепках з ног да галавы». Як у Ірпяні загінула цэлая сям’я. ВІДЭАВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.