Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм
Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм

Амэрыканскія заканадаўцы заклікаюць міжнародныя суды расьсьледаваць ваенныя злачынствы Расеі супраць Украіны.

Сэнат ЗША прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які пайшоў вайной супраць Украіны. У дакумэнце кіраўнік Крамля называецца «ваенным злачынцам». Сэнат заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе і іншыя краіны расьсьледаваць ваенныя злачынствы расейскага кіраўніцтва, учыненыя падчас уварваньня ва Ўкраіну, паведамляе Reuters.

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм прадставіў рэзалюцыю ў Сэнат. Дакумэнт аднагалосна падтрымалі як рэспубліканцы, так і дэмакраты.

«Усе мы ў гэтай палаце — і дэмакраты, і рэспубліканцы — сабраліся разам, каб сказаць, што Ўладзімір Пуцін ня можа пазьбегнуць адказнасьці за зьверствы, учыненыя супраць украінскага народу», — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр у прамове перад галасаваньнем.

​
XS
SM
MD
LG