Ці слушна зрабіла NATO, адмовіўшыся забясьпечыць беспалётную зону над Украінай? Якая імавернасьць перарастаньня цяперашняй вайны ва Ўкраіне ў ядзерную? Якую ролю можа адыграць Беларусь у ядзерным нападзе Расеі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі і экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.
Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін
- Сусьветная вайна пакуль не перадвырашаная. Сёньняшнія вайна Расеі з Украінай можа стаць падобнай як на Чэхаславаччыну 1938 году, так і на Афганістан 1989 году. Заява прэзыдэнта Байдэна пра тое, што альтэрнатыва санкцыям — гэта Трэцяя сусьветная вайна, адмова NATO умяшацца ў вайну — гэта робіць сытуацыю падобнай на 1938 год.
- Аднак іншыя крокі заходніх краінаў сьведчаць пра тое, што на Ўкраіне расейцы могуць паламаць сабе зубы. Я б не сказаў, што мы ўжо ў Трэцяй сусьветнай вайне. Але з часоў Карыбскага крызісу сусьветная супольнасьць ніколі не падыходзіла так блізка да сусьветнай вайны з выкарыстаньнем ядзернай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія афіцыйныя СМІ са спасылкай на «кампэтэнтную крыніцу» загаварылі, што Ўкраіна неўзабаве магла стаць ядзернай дзяржавай- Усё залежыць ад таго, як Пуцін бачыць пэрспэктывы Расеі. Калі ён лічыць, што пры сучаснай пабудове сьвету Расеі ніколі ня зможа вярнуць сабе статус глябальнай дзяржавы, магчыма, ён паставіў крыж на гэтай пабудове і напад на Ўкраіну — гэта толькі першы крок.
- Санкцыі яшчэ больш пагаршаюць становішча Расеі ў эканамічных і палітычных каардынатах. У такой сытуацыі Пуціна нічога ня спыніць. Калі ён прыняў рашэньне ісьці да канца, то ён пойдзе.
- Зараз здаецца неверагодным, што ён ужыве ядзерную зброю. Але зусім нядаўна і напад на Ўкраіну ўяўляўся неверагодным. Але калі ён застаецца рацыянальным, калі ён гуляе на страхах эўрапейцаў перад ядзернай вайной, ёсьць шанец, што перамовы могуць прывесьці да пэўнага посьпеху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пуцін можа нанесьці ўдар тактычнай ядзернай зброяй на мяжы Беларусі і Ўкраіны», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта- Расея ніякіх сваіх мэтаў пакуль не дасягнула. Вашынгтон падае сыгналы, што ў выпадку вываду войскаў з Украіны санкцыі, уведзеныя адносна Расеі, могуць быць часткова скасаваныя. Амэрыканцы прапануюць расейцам два сцэнары: альбо яны зьнішчаць санкцыямі расейскую эканоміку, альбо Расея зможа захаваць, хаця б часткова, цяперашнюю эканамічную сыстэму. Я ня ведаю, ці выбраў Пуцін адзін з гэтых варыянтаў.
- Ня выключана, што ён кіруецца прынцыпам «Калі ў сьвеце няма вялікай Расеі, то навошта такі сьвет?».
- Агрэсія Пуціна згуртавала краіны Захаду, якія да таго не пагаджаліся адна з адной. Калі Расея ўжыве нават тактычную ядзерную зброю, нават у бязьлюдным месцы — гэта будзе перасячэньне чарговай «чырвонай лініі», чарговым выклікам сьвету, можа нават больш значным, чым напад на Ўкраіну. Гэта прыцішыць галасы, якія заклікаюць залагоджваць Расею. Гэта ўжо будзе агрэсія не супраць Украіны, а супраць усяго сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці пачне Пуцін ядзерную вайну? Дыскусія экспэртаў- Я ня думаю, што на гэта будзе ядзерны адказ. Але пастаўкі ўзбраеньняў ва Ўкраіну ўзмацняцца; магчыма, будзе створаная беспалётная зона,;магчымае зьяўленьне вялікай колькасьці добраахвотнікаў з арміяў краінаў NATO, якія ня будуць афіцыйна прадстаўляць гэтыя краіны, але будуць дапамагаць украінскаму войску.
- Расея выкарыстоўвала пагрозу ядзернай зброяй пры анэксіі Крыму, яна гэта робіць і цяпер.
- Са сьнежня да 24 лютага ЗША, са спасылкай на зьвесткі выведкі, папярэджвалі, што Расея прыняла рашэньне напасьці. Цяпер давер да амэрыканскіх спэцслужбаў вельмі высокі. Паводле іх зьвестак, расейцы пакуль не гатовыя ўжыць ядзерныя сілы. Падвышэньне ступені боегатоўнасьці гэтых сілаў — гэта гульня цягліцамі, а не намер нанесьці ўдар.
Сівіцкі
Арсень Сівіцкі
- Расея прынамсі на ўзроўні рыторыкі дэманструе, што яна гатовая ўжыць ядзерную зброю ў выпадку, калі заходнія краіны працягнуць той ціск, зь якім расейскае кіраўніцтва сутыкнулася сёньня.
- Гэта беспрэцэдэнтныя эканамічныя санкцыі; расейскае кіраўніцтва разглядае іх як пачатак вайны. Але я б пакуль разглядаў гэтыя заявы як элемэнт ядзернага шантажу. І пакуль рана казаць, што Крэмль гатовы да выкарыстаньня ядзернай зброі супраць Захаду.
- Рашэньне NATO адмовіць Украіне ў беспалётнай зоне можна разглядаць як крок у дээскаляцыі ў адносінах з Расеяй. ЗША таксама вырашылі адкласьці выпрабаваньне новай балістычнай ракеты. І гэта таксама крок у дээскаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што азначае «адмысловае баявое дзяжурства» і хто ў Расеі прымае рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі. Тлумачыць вайсковы экспэрт- Але ў мяне няма сумневу, што Крэмль рыхтуецца да выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі супраць Украіны. І зараз шукаюцца прычыны, якія могуць легітымізаваць такі ўдар. Сёньня расейскія каналы прапаганды паведамілі, што Ўкраіна літаральна за некалькі тыдняў ці дзён будзе здольная стварыць «брудную» ядзерную бомбу і ўжыць яе супраць Расеі.
- Ужываньне тактычнай зброі тым больш імавернае, што Расея прайграе вайну на тэатры ваенных дзеяньняў. Мне складана ўявіць, што Крэмль сядзе за стол перамоваў і прыме ўкраінскія ўмовы.
- Я ня бачу сцэнару, у якім NATO разгорне беспалётную зону над Украінай, як гэта было зроблена ў Лібіі ў 2011 годзе. Але ва Ўкраіну пачынаюцца пастаўкі сыстэмаў супрацьпаветранай абароны і вайсковых самалётаў. Падзеі апошніх дзён паказалі, што гэтыя сыстэмы ўжо працуюць. І апэруюць імі заходнія, а не ўкраінскія адмыслоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»- І стварэньне беспалётнай зоны над Украінай будзе адбывацца па proxy-схеме, калі Захад пастаўляюць тэхніку і спэцыялістаў, гэтыя сыстэмы разгортваюцца ў заходняй частцы Ўкраіны і паветра перакрываецца.
- Гэта люстэркавы адбітак расейскай вэрсіі «ваенторгу» ўварваньня на Данбас. Маўляў, адкуль зброя ў сэпаратыстаў — у ваенторгу купілі. Адкуль ва Ўкраіны амэрыканскія сыстэмы СПА? Дык у «ваенторгу» купіла.
- Выкарыстаньне Расеяй беларускай тэрыторыі для ядзернага ўдару — гэта цалкам імаверны сцэнар. Гэта падмацоўваецца заявамі Лукашэнкі, які казаў, што пры неабходнасьці, калі будзе просьба Расеі, ядзерная зброя можа быць разьмешчаная ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка патлумачыў, што сказаў Макрону пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі- Я браў удзел у некалькіх стратэгічных сымуляцыйных гульнях, пачынаючы з 2017 году. Я ў іх звычайна гуляў за Расею. Сцэнар, паводле якога сёньня разгортваюцца падзеі, аналізаваўся яшчэ ў 2017 годзе: Расея пад выглядам вучэньняў уводзіць войскі ў Беларусь і наносіць удар. У межах гэтага сцэнару на тэрыторыю Беларусі ўводзілася ядзерная зброя, і яна ўжывалася.
- У 2019–2021 гадах амэрыканцы таксама праводзілі такія сымуляцыйныя гульні, і ў іх у адказ на ўжываньне ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі ядзерны ўдар наносіўся па Беларусі. Гэта рабілася для таго, каб не падвышаць градус эскаляцыі, што адбылося б у выніку ўдару ў адказ па Расеі. Для Расеі гэта спосаб мінімізаваць шкоду ад дзеяньняў у адказ.
- Пачынаючы з 8 сакавіка, нам варта чакаць новай фазы эскаляцыі вайны ва Ўкраіне — фазы стратэгічнай наступальнай апэрацыі Расеі, для якой у Расеі няма рэсурсаў. Таму я чакаю, што Расеі разьмесьціць у Беларусі ядзерную зброю і будзе шантажаваць Украіну і міжнародную супольнасьць пагрозай удару па Ўкраіне.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.