Агенцтвы ТАСС, «Інтэрфакс» і «РИА Новости» раніцай 6 сакавіка адначасова распаўсюдзілі паведамленьні аб тым, што ва Ўкраіне праводзіліся работы для стварэньня ядзернай зброі. Агенцтвы апублікавалі нататкі са спасылкай на крыніцу «ў адным з кампэтэнтных ведамстваў». У іх прыводзяцца аднолькавыя цытаты.
У паведамленьнях гаворыцца, што Ўкраіна пачала навукова-дасьледчу працу «з мэтай фармаваньня тэхналягічнага базісу для магчымага стварэньня ўласнай ядзернай зброі» адразу пасьля далучэньня да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі ў 1994 годзе і актывізавала гэтыя работы ў 2014 годзе.
«Навукова-дасьледчыя і досьледна-канструктарскія работы па стварэньні ядзернай выбуховай прылады, якую ў далейшым можна было б выкарыстоўваць у канструкцыі ядзерных боезарадаў, вяліся як па ўранавым, так і па плютоніевых кірунках. Навуковая супольнасьць Украіны валодае дастатковымі кампэтэнцыямі для стварэньня прылады як „імплязіўнага“, так і „гарматнага“ тыпу», — сцьвярджае «кампэтэнтная крыніца».
У паведамленьнях усіх трох агенцтваў гаворыцца, што стварыць ядзерную зброю Ўкраіна магла цягам некалькіх месяцаў.
- Пасьля распаду СССР ядзерная зброя была вывезеная з тэрыторыі Ўкраіны. Краіна адмовілася ад ядзернага статусу ў рамках Будапэшцкага мэмарандуму, які гарантаваў бясьпеку Ўкраіны.
- 18 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў да перамоваў у рамках мэмарандуму. «Калі яны не адбудуцца або па іх выніках ня будзе канкрэтных рашэньняў для гарантаваньня бясьпекі нашай дзяржавы, Украіна будзе мець поўнае права лічыць, што Будапэшцкі мэмарандум не працуе і ўсе пакетныя рашэньні 1994 году падвергнуты сумневу», — заявіў Зяленскі.
- 27 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў, што пераводзіць сілы ядзернага стрымліваньня ў «рэжым асаблівага баявога дзяжурства».
- У чэрвені 2020 году Ўладзімір Пуцін зацьвердзіў дакумэнт «Асновы дзяржаўнай палітыкі ў сфэры ядзернага стрымліваньня». У дакумэнце гаворыцца, што прымяніць ядзерную зброю Расея можа ў чатырох выпадках:
- атрыманьне дакладнай інфармацыі аб старце балістычных ракет, якія атакуюць Расею
- прымяненьне супраць Расеі ядзернай зброі і іншай зброі масавага паражэньня
- нейкае ўзьдзеяньне на аб'екты, вывядзеньне са строю якіх прывядзе да зрыву дзеяньняў ядзерных сіл у адказ
- агрэсія супраць Расеі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаваньне дзяржавы
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.