Як прымалася рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну? Што Расея зьбіраецца зрабіць з Украінай у выпадку сваёй перамогі? Ці ёсьць у Крамля «плян Б» на выпадак, калі вайна пойдзе ня так, як плянавалася? Ці прадугледжвае плян Масквы анэксію Беларусі? Ці можа нехта ў Маскве прадухіліць ядзерную вайну?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, прафэсар Уладзімір Гельман.
Гельман
Уладзімір Гельман
- Гледзячы па ўсім, гэтае рашэньне прымалася Пуціным у таямніцы нават ад ягонага атачэньня. Яно было нечаканым для многіх расейскіх кіраўнікоў. Яно было кепска падрыхтаваным.
- Палітычны рэжым у Расеі пэрсаналісцкі. Такія рэжымы не падобныя на аднапартыйныя, які быў у СССР. Там такія рашэньні прымаліся калектыўна, скажам, рашэньне аб уводзе савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Тады гэтаму рашэньню папярэднічалі некалькі пасяджэньняў Палітбюро, нарады з кіраўнікамі іншых краінаў сацыялістычнага лягеру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Расейцы чакалі, што ўкраінскае кіраўніцтва ўцячэ». Амэрыканскі экспэрт пра сцэнары вайны- Рашэньне Пуціна не прадугледжвала сур’ёзнай экспэртызы. Расейскія кіраўнікі верылі ў тое, што гаварылі: што ва Ўкраіне ва ўладзе марыянэткі ЗША, Захаду, якія пры першых жа стрэлах разьбягуцца, што ўкраінцы не асобны народ, а тыя ж расейцы, якіх кепскія людзі адарвалі ад Расеі.
- І калі расейскія войскі войдуць ва Ўкраіну, ніякага супраціву ня будзе. Гэтыя чаканьні ня мелі нічога супольнага зь рэальнасьцю. Да таго ж узброеныя сілы Расеі былі не гатовыя да сурʼёзнага супраціву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ва ўрадзе Расеі не былі гатовыя да жорсткіх санкцый», — «Агентство»- На прыняцьцё такога рашэньня паўплываў досьвед хуткага далучэньня Крыму ў 2014 годзе. Тады, паводле Пуціна, ён таксама прыняў рашэньне аднаасобна. Тады заходнія санкцыі былі ня вельмі моцнымі. Цяпер усё пайшло інакш і ў сэнсе рэакцыі ўкраінцаў, і ў сэнсе рэакцыі Захаду.
- Я не зьдзіўлюся, што рыхтавалася некалькі рашэньняў. І ў пэўны момант было вырашана абʼяднаць элемэнты гэтых рашэньняў. Да маштабнага выкарыстаньня войскаў Расея рыхтавалася загадзя. Мы часам лічым, што ёсьць нейкі прадуманы плян, але часьцей за ўсё гэтага няма і пляны мяняюцца на хаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія сайты масава прасоўваюць тэзу аб плянах утварэньня «Фэдэратыўнай рэспублікі Ўкраіна»- Хутчэй за ўсё, Крэмль імкнецца зьмяніць ва Ўкраіне палітычны рэжым, каб на чале Ўкраіны быў, скажам, Януковіч ці Медзьвядчук. На мой погляд, гэта нерэалістычны плян. Калі нават такі прамаскоўскі ўрад будзе створаны, яму будзе складана ўтрымлівацца ва ўладзе, ён можа ўтрымлівацца толькі на расейскіх штыхах. Складана трымацца на штыхах нават сваёй арміі, а ўжо на штыхах арміі, якія ўвайшла ў краіну, сеючы сьмерці і разбурэньні, шматкроць складаней.
- Вядомы Пуціну прыклад — гэта Ўсходняя Нямеччына. Яна існавала дзякуючы таму, што там знаходзіліся савецкія войскі, улады ГДР знаходзіліся пад кантролем Крамля. Пэўны час савецкае кіраўніцтва ўтрымлівала пад сваім кантролем частку Нямеччыны. Але гэта аказалася ня вечным і Пуцін таму быў сьведкам. Калі тое самае будзе зроблена адносна Ўкраіны, то і вынік будзе тым жа, што і з ГДР, толькі з большымі выдаткамі і для Ўкраіны, і для Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка сказаў, што Беларусь ня будзе ваяваць з Украінай, але прывёў у гатоўнасьць СПА, каб «не дапусьціць удараў у сьпіну расейцам»- Падчас вайны СССР і Фінляндыі ў савецкага кіраўніцтва ад пачатку ніякага «пляну Б» не было. Меркавалася, што атрымаецца даволі хутка захапіць кантроль над ключавымі гарадамі Фінляндыі і ўсталяваць марыянэткавы ўрад. Але Фінляндыя згуртавалася, дала даволі моцны адпор савецкім войскам. І ў нейкі момант стала зразумела, што захопліваць усю Фінляндыю сабе даражэй. У вынікі Фінляндыя страціла шэраг тэрыторыяў, але здолела захаваць незалежнасьць, хаця яе вайсковы патэнцыял быў несувымерным з савецкім.
- Такі сцэнар не прадугледжваўся Крамлём ад пачатку і толькі адчайны супраціў фінаў прывёў да таго, што адбылося. Я не выключаю, што нешта падобнае можа адбыцца і падчас цяперашняй вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пуцін можа нанесьці ўдар тактычнай ядзернай зброяй на мяжы Беларусі і Ўкраіны», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта- Першыя дні цяперашняй вайны выклікалі ў Расеі пэўны энтузіязм. Але якой будзе далейшая рэакцыя, мы пакуль ня ведаем. Мы ўжо назіраем паніку на рынках, масавая зьняцьцё банкаўскіх укладаў, масавыя закупкі тавараў доўгатэрміновага спажываньня.
- Я думаю, што прама далучаць Беларусь да Расеі Крэмль ня будзе. Гэта вялікія выдаткі, а карысьці няшмат. Ёсьць зараз больш важныя задачы. Лукашэнка і так робіць усё, што ад яго Масква хоча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці пачне Пуцін ядзерную вайну? Дыскусія экспэртаў- Што тычыцца пытаньня, ці пагодзяцца расейскія вайскоўцы з рашэньнем аб пачатку ядзернай вайны, то адносна Сяргея Шайгу ня трэба мець вялікіх ілюзіяў.
- Я ня думаю, што ў вайсковай сфэры кіраваньне ў Расеі занадта ўжо эфэктыўнае. Па тым, як расейскае войска дзейнічае ва Ўкраіне, відаць, што там вялікія праблемы з тым, як дасягнуць выкананьня пастаўленых задачаў.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.