«Пакуль беларускія вайскоўцы ня ўвойдуць ва Ўкраіну, адносіны паміж нашымі народамі можна яшчэ будзе выпраўляць», — украінскі экспэрт

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі паказвае мапу нападу на Ўкраіну, 1 сакавіка 2022 г.

Ці ўскладаюць украінцы адказнасьць за напад на іх краіну на Лукашэнку ці на беларусаў, на Беларусь? Шматлікія антываенныя пратэсты, масавыя рэпрэсіі, якія пануюць у Беларусі, — ці здымаюць яны адказнасьць за вайну зь беларусаў як народу? Ці стаў Лукашэнка поўнай марыянэткай Крамля? Што азначае заява сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пра магчымасьць ракетных удараў па тэрыторыі Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.

Магда

Яўген Магда

  • Я неаднойчы бываў у Беларусі апошнімі гадамі, камунікаваў з сваімі беларускімі калегамі, публічна выступаў у Менску. І я ніколі не вучыў іх, як ім жыць.
  • Сёньня Лукашэнка зьяўляецца дзейным хаўрусьнікам ваеннага злачынцы Пуціна. Жыцьці 17 забітых дзяцей — віна ў тым ліку і Лукашэнкі.
  • Але пакуль беларускія вайскоўцы ня возьмуць наўпроставага ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны, адносіны паміж нашымі краінамі, нашымі народамі яшчэ можна будзе неяк карэктаваць і выпраўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня хочам страляць у беларусаў», — дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч
  • Гэта мой пункт гледжаньня як чалавека, якія ведае, што многія беларусы знаходзяцца ў эміграцыі, многія сядзяць у турмах. Я прымаю аргумэнт маіх беларускіх сяброў, што нельга антыфашыстаў абвінавачваць у злачынствах Гітлера.
  • Але калі беларускія вайскоўцы ўвойдуць на тэрыторыю Ўкраіны, то ніхто ня будзе разьбірацца, якое ў іх грамадзянства — іх будуць зьнішчаць. Гэта справа і саміх грамадзянаў Беларусі.
  • Калі Лукашэнка абвясьціў гэты год годам гістарычнай памяці, то варта нагадаць, што некалькі мільёнаў ня толькі беларусаў, але і ўкраінцаў загінулі ад рук нацыстаў падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта, і ня толькі гэта, нас аб’ядноўвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: беларуская армія ня ўдзельнічае ў агрэсіі Расеі супраць Украіны
  • З моманту ўсьведамленьня сябе палітычнымі нацыямі паміж беларусамі і ўкраінцамі не было ніякіх канфліктаў. УНР дапамагала БНР. За 30 гадоў незалежнага існаваньня з 1991 году ніякіх канфліктаў паміж краінамі не было.
  • Сёньня Лукашэнка балянсуе на вельмі тонкім лёдзе.
  • Ужо тыдзень у нас працягваецца вайна. Ужо тыдзень зь беларускай зямлі ракеты ляцяць на ўкраінскія мірныя гарады. Лёгіка вайны заўсёды чорна-белая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка як агрэсар і як міратворац. Дыскусія экспэртаў
  • Лукашэнка зараз «вусень» ворага. І ад яго залежыць, ці ён застанецца чырвона-зяленым вусенем, ці зь яго вылупіцца матылёк з ракетамі. І ад грамадзянаў Беларусі таксама. Я добра ведаю, як працуе ў Беларусі рэпрэсіўная машына.
  • Пуцін зараз трымае Лукашэнку нават не на кароткім ланцугу, а за аброжак. Але я рады кожнаму чарговаму дню, калі беларускія вайскоўцы не зьявіліся ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ўкраінцы разумеюць, што ты не лукашыст, то ставяцца добра». Як беларусы дапамагаюць Украіне
  • Я бачыў тэндэнцыю, як Украіна спрабавала падсілкаваць Лукашэнку: летась таваразварот вырас на 30% пасьля ўсіх размоваў пра «крывавага дыктатара». Але вайна ўсё мяняе.
  • Мае беларускія сябры кажуць — вы ж, украінцы, захапляліся Лукашэнкам. Некалькі гадоў ён сапраўды быў ва Ўкраіне самым папулярным замежным кіраўніком. Я ў 2014–2019 гадах гаварыў, што ён — «гібрыдны саюзьнік» Украіны. Бо была іншая сытуацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават адзін гарматны стрэл з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне канчаткова ператворыць Лукашэнку ў расейскага губэрнатара», — экспэрт
  • Такая братазабойчая вайна можа вельмі зьмяніць беларускае грамадзтва ўжо назаўсёды.
  • У Лукашэнкі ёсьць пэўная прастора манэўру, але яна нагадвае шчыгрынавую скуру, яна ўвесь час сьціскаецца.
  • Пуціну патрэбная Беларусь як краіна-сузаснавальніца ААН, каб ён мог прыкрыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украінская праўда»: Януковіч у Менску, Крэмль хоча зрабіць яго «прэзыдэнтам Украіны»
  • Сярэднестатыстычны ўкраінец, які бачыць траекторыю ракеты, якая ляціць у Жытомір ці Кіеў, ужо выносіць свой прысуд Беларусі.
  • Ёсьць ня толькі беларусы, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад перасьледу Лукашэнкі, ёсьць беларусы, якія ва Ўкраіне ваююць са зброяй у руках супраць агрэсіі. На Данбасе былі беларусы, якія ваявалі за Ўкраіну, і былі беларусы, якія ваявалі за так званыя «ДНР» і «ЛНР». Прычым да 2020 году беларускія ўлады каралі і адных, і другіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёляг Генадзь Коршунаў пра тое, ці вінаватыя беларусы перад украінцамі
  • Што бачыў сярэднестатыстычны ўкраінец у Беларусі? Добрыя дарогі, адсутнасьць бесхацінцаў, усе больш-менш уладкаваныя. Многія гавораць на расейскай мове. Дык і ва Ўкраіне многія гаварылі і гавораць на ёй.
  • Пуцін абяцаў забясьпечыць, каб «кожны народ Украіны меў права на самавызначэньне». Гэта азначае, што нас хочуць разарваць на шмат кавалкаў.
  • Беларусам варта ўсьвядоміць — калі мы прайграем, то вы нікуды не падзенецеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст FT лічыць, што Лукашэнка выдаў пляны Пуціна падзяліць Украіну на чатыры часткі
  • Мы ўскладаем усю адказнасьць на Лукашэнку. А далей распаўсюджваем яе на тых беларускіх грамадзянаў, якія згаджаюцца з тым, што робіць ці дазваляе рабіць Лукашэнка.
  • Заява сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Данілава пра магчымасьць украінскага ракетнага ўдару па Беларусі — гэта элемэнт стрымліваньня Лукашэнкі ад неразумных дзеяньняў. Украінскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па аэрадроме ў Растоўскай вобласьці РФ. Зразумела, гэта не азануе беларуска-ўкраінскія адносіны. Але ў вайны свая лёгіка і мы яе ня можам зьмяніць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар РНБА: Украіна мае магчымасьць нанесьці ўдар па тэрыторыі Беларусі, калі будзе загад Зяленскага
  • У мяне шмат беларускіх сяброў. Нехта зь іх у эміграцыі, нехта — у Беларусі. Ёсьць просты спосаб вызначыць, ці патрэбныя прабачэньні. Трэба правесьці міжнародны суд над спадарамі Пуціным і Лукашэнкам.
  • На сёньня галоўным разбуральнікам беларуска-украінскіх адносінаў ёсьць Лукашэнка. Толькі адзін крок аддзяляе яго ад поўнамаштабнай агрэсіі. Я сумняюся, што беларускія вайскоўцы хочуць ваяваць ва Ўкраіне. Паглядзіце, колькі расейцаў ужо трапіла ў палон, а ім мазгі добра прамывалі. Выбар у кожнага ёсьць.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.