Прэс-сакратар Пуціна зьняпраўдзіў інфармацыю пра падрыхтоўку да падпісаньня дакумэнтаў аб інтэграцыі Расеі і Беларусі

Дзьмітры Пяскоў

Аднак, паводле яго інфармацыі, інтэграцыя стане адной з асноўных тэмаў на перамовах 9 верасьня.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што кіраўнік ягонай дзяржавы на сустрэчы 9 верасьня ў Маскве будзе падпісваць з Аляксандрам Лукашэнкам афіцыйныя дакумэнты, яго цытуе ТАСС.

Раней пра будучае падпісаньне так званых «дарожных мапаў» гаварыў пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка. Аднак неўзабаве гэтыя словы абверглі.

Паводле Пяскова, Пуцін з Лукашэнкам абмяркуюць сытуацыю ў Афганістане, але асноўнай тэмай будуць двухбаковыя адносіны Расеі і Беларусі, прычым Пуцін ня будзе настойваць на прызнаньні афіцыйным Менскам паўвострава Крым расейскай тэрыторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падстаўляе Беларусь пад удар

Прэс-сакратар Пуціна ня мае інфармацыі аб тым, што на сустрэчах будуць падпісваць якія-кольвек дакумэнты, у тым ліку аб далейшай інтэграцыі дзяржаў. Пры гэтым тэма ўсё ж такі будзе закранацца.

«Кожны раз інтэграцыйныя працэсы становяцца адным з буйных пунктаў парадку дня двухбаковых кантактаў . Не сумняваюся, што гэтак будзе і цяпер, і што заўтра таксама інтэграцыйныя працэсы будуць абмяркоўвацца», — сказаў Пяскоў.

Пры гэтым ён параіў пачакаць, што скажуць Пуцін з Лукашэнкам на прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарожныя мапы інтэграцыі — гэта пра эканоміку, а не пра палітыку». Меркаваньне экспэрта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Пуцін падпішуць у Маскве ўсе «дарожныя мапы», — ТАСС