Відэаапэратар Ціханоўскага Вяргілій Ушак пакінуў Беларусь

Вяргілій Ушак

Адзін з абвінавачаных па «справе Ціханоўскага» Вяргілій Ушак пакінуў Беларусь

Пра гэта ён сам паведаміў выданьню «Медиазона» .

Вяргілій Ушак быў відэаапэратарам блогера Сяргея Ціханоўскага, заснавальніка каналу «Страна для жизни». Ушак пераехаў у Нямеччыну яшчэ ў канцы красавіка. У Беларусі ён быў пад падпіскай аб нявыезьдзе — яго абвінавачваюць у арганізацыі грубага парушэньня парадку і ўдзеле ў ім (частка 1 артыкула 342 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра суд над Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам ды іншымі

Вяргілія Ушака затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай. Тады падчас меркаванай правакацыі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ як мінімум 15 чалавек, якія ўдзельнічалі ў пікеце. 29 ліпеня, пасьля двух месяцаў утрыманьня пад вартай, Ушака выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усяго ў Беларусі 19 затрыманых па «справе Ціханоўскага». Дваіх — Васіля Баброўскага і Ўладзімера Навуміка — выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Большасьць абвінавачаных па «справе Ціханоўскага» пакуль пад сьледзтвам і пад арыштам, але некаторых ужо судзілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 170 тамоў, шасьцёра абвінавачаных. Што вядома пра справу, па якой будуць судзіць Лосіка, Статкевіча і Ціханоўскага

18 студзеня 2021 году пачаўся працэс па справе траіх жыхароў Горадні: Дзьмітрыя Фурманава, Яўгена Разьнічэнкі і Ўладзімера Кнігі.

24 чэрвеня пачынаецца судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, разам зь ім па справе праходзяць Мікола Статкевіч, Арцём Сакаў і блогеры Ігар Лосік, Уладзімер Цыгановіч і Дзьмітры Папоў.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі