Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па матывах палітычнай варожасьці». У Горадні пачаўся першы працэс супраць фігурантаў «справы Ціханоўскага»

абноўлена

Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка і Зьміцер Фурманаў (зьлева направа) перад пачаткам працэсу
Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка і Зьміцер Фурманаў (зьлева направа) перад пачаткам працэсу

Трох гарадзенцаў, Зьмітра Фурманава, Яўгена Разьнічэнку і Ўладзімера Кнігу, пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 18 студзеня. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак; Разьнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі.

У няволі больш за паўгода

Усіх траіх затрымалі неўзабаве пасьля пікету 29 траўня ў Горадні, калі схапілі Сяргея Ціханоўскага. Яны за кратамі больш за паўгода. Доўгі час яны сядзелі на «Валадарцы», перад судом іх перавялі ў горадзенскі СІЗА.

Зьмітру Фурманаву 35 гадоў. Гэта той мужчына, якога невядомыя схапілі з-за стала разам з крэслам, калі ён зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні летась 29 траўня.

Яго прызналі палітвязьнем. Ягоная маці і дзяўчына летась галадалі пад сьценамі «Валадаркі» дзеля вызваленьня Зьмітра (5 і 10 дзён адпаведна). Пазьней ягоная дзяўчына Вольга Каракіна зьехала ад перасьледу за мяжу. Фурманаў раней працаваў інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі, потым вывучыўся на праграміста, шукаў працу.

Зьміцер Фурманаў падчас адміністрацыйнага суду над ім летась у ліпені
Зьміцер Фурманаў падчас адміністрацыйнага суду над ім летась у ліпені

Яўгену Разьнічэнку 36 гадоў. Гэта ён паклаў міліцыянта Ўладзімера Казлоўскага, які нібыта пацярпеў падчас пікету ў Горадні 29 траўня, на зямлю, пасьля чаго затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Яўгена затрымалі дома ранкам 30 чэрвеня.

Яўген Разьнічэнка пасьля затрыманьня, 30 траўня, архіўнае фота
Яўген Разьнічэнка пасьля затрыманьня, 30 траўня, архіўнае фота

Яго не прызналі палітвязьнем. У лістах ён просіць, каб яму дасылалі ў турму мазь ад псарыязу і дапамагалі ягонай сям’і. Ён разьведзены, ягоная маці і сястра жывуць у Горадзенскай вобласьці. Раней Разьнічэнка працаваў будаўніком у Расеі.

Уладзімеру Кнігу 39 гадоў. Яго затрымалі падчас пікету Ціханоўскай у Горадні 4 чэрвеня. Яго не прызналі палітвязьнем. Ён быў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Раней служыў у АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэньне ўлады. На сёньня тая судзімасьць пагашаная. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Апошнім часам працаваў кіроўцам сьмецьцявоза.

Уладзімер Кніга падчас адміністрацыйнага суду над ім летась у ліпені, архіўнае фота
Уладзімер Кніга падчас адміністрацыйнага суду над ім летась у ліпені, архіўнае фота

У чым вінавацяць падсудных

На суд прыйшлі больш за 50 чалавек. У малую залю пусьцілі каля паловы ахвотнікаў.

Абвінавачаныя перад пачаткам працэсу
Абвінавачаныя перад пачаткам працэсу

Пацярпелых чацьвёра: міліцыянты Уладзімер Казлоўскі, Аляксандар Хваленя, Рахунок і Буднік. Апошнія два на паседжаньне не прыйшлі.

Справу разглядае судзьдзя Бекушава.

Пацярпелы Ўладзімер Казлоўскі заявіў хадайніцтва аб кампэнсацыі маральнай школы да Разьнічэнкі ў памеры 8 тысяч рублёў.

Пацярпелы міліцыянт Уладзімер Казлоўскі
Пацярпелы міліцыянт Уладзімер Казлоўскі

Адвакатка Тацяна Лішанкова заявіла хадайніцтва, каб справу разглядалі ў большай залі, якая б зьмясьціла ўсіх ахвотных. Суд адхіліў хадайніцтва. У будучыні, магчыма, знойдуць большую залю.

Кнігу, Разьнічэнку і Фурманава вінавацяць у тым, што яны заклікалі парушаць парадак (праз інтэрнэт), плянавалі зьдзяйсьняць злачынства, шукалі аднадумцаў і інструмэнты, прыбіралі перашкоды на шляху да мэты. У распаўсюдзе інфармацыі пра парушэньне парадку падчас прэзыдэнцкай кампаніі бралі ўдзел Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Сяргей Ціханоўскі. Яны заклікалі да парушэньня працы транспарту і прадпрыемстваў.

Абвінавачаньне сьцьвярджае, што Ціханоўскі, Фурманаў і іншыя заплянавалі правесьці масавае мерапрыемства, каб выказаць свае палітычныя інтарэсы, абвастрыць напружанае становішча ў краіне, «з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці». Яны нібыта зладзілі летась 29 траўня недазволенае масавае мерапрыемства для агітацыі на Савецкай плошчы ў Горадні без узгадненьня з уладамі падчас дазволенага пікету для збору подпісаў за Ціханоўскую. Гэтае мерапрыемства груба парушала парадак, перашкаджала працы транспарту.

Паводле абвінавачаньня, Кніга, Разьнічэнка і іншыя плянавалі гэтае мерапрыемства на асабістых сустрэчах і праз тэлефон. Ціханоўскі быў нібыта лідэрам групы, якая зьбірала подпісы. З мэтай кансьпірацыі, каб пазьбегнуць адказнасьці да падрыхтаванае злачынства, прыбыў у групе асобаў на мерапрыемства «рознымі маршрутамі».

Адзін з прадстаўнікоў каманды Ціханоўскага Арановіч, які падобны камплекцыяй да Ціханоўскага, знарок адзеўся, падобна да Ціханоўскага, і забясьпечыў яму ахову. па словах абвінавачаньня, Ціханоўскі загадзя выбраў лінію паводзінаў дэманстратыўна грэбаваць органамі ўлады і не падпарадкоўвацца міліцыянтам Казлоўскаму і Хваленю. Міліцыянты, якія ахоўвалі парадак, мелі права высьвятляць абставіны, калі падазравалі парушэньне закону.

Пацярпелы міліцыянт Аляксандар Хваленя
Пацярпелы міліцыянт Аляксандар Хваленя

Міліцыянты прыбылі на масавае мерапрыемства, бо грамадзяне зьвярнуліся да іх, што жанчына чапляецца да Ціханоўскага, аднак блогер ігнараваў міліцыянтаў і нібыта правакаваў канфліктную сытуацыю. Каб Ціханоўскі сышоў зь месца мерапрыемства, Разьнічэнка і іншыя ўчынілі гвалт над міліцыянтамі, сьцьвярджаюць дзяржаўныя абвінаваўцы. Яны нібыта перашкаджалі пасадзіць Ціханоўскага ў службовы транспарт, зачыніць дзьверы ў ім. Так, яны затрымалі тралейбус, бо на шляху стаяў мікрааўтобус, у якім ужо знаходзіліся іншыя затрыманыя.

Кнігу вінавацяць у тым, што ён нібыта адзін раз ударыў міліцыянта, камандзіра групы АМАПу Рахунка, па тулаве, потым стрымліваў яго за форменнае адзеньне, адцягваў Рахунка ад Ціханоўскага. Некалькі ўдараў нанёс міліцыянту, камандзіру групы АМАП Будніку, у тым ліку па галаве.

Кніга і Разьнічэнка, каб адцягнуць увагу ад Ціханоўскага і дазволіць яму пайсьці зь месца мерапрыемства, «з помсты да выкананьня міліцыянтамі сваіх абавязкаў», нібыта перашкаджалі пасадзіць Ціханоўскага ў службовы транспарт. Зь Ціханоўскім міліцыянты спрабавалі мірна разабрацца, пагаварыць пра абставіны мерапрыемства, але той адмыслова правакаваў канфліктную сытуацыю.

Разьнічэнка схапіў Казлоўскага за тулава і паваліў яго на тратуарную плітку. Хваленю ён выцяў ня менш за два разы па нагах і ніжняй частцы тулава, а Казлоўскага ня менш за два разы па тулаве невядомымі прадметамі. У выніку ў Хвалені быў пашкоджаны відэарэгістратар, а ў Казлоўскага — рукаў форменнага адзеньня і службовыя боты.

Фурманаў таксама нібыта затрымліваў транспарт. Яго не вінавацяць у гвалце над міліцыянтамі.

На відэа ўсё здымалі відэаапэратары Арцём Сакаў і Вяргілій Ушак.

Усе фігуранты віны не прызналі.

«Каб прызнаць чалавека вінаватым, яго віну трэба даказваць. Таму не», — адказаў Кніга на пытаньне, ці прызнае віну.

Разьнічэнка заявіў, што ў яго пагоршыўся слых пад вартай, аднак пракурор ня стаў чытаць абвінавачаньне больш гучна дзеля яго.

Фурманаў: «Мяне захапілі невядомыя людзі»

Першым дапыталі абвінавачанага Зьмітра Фурманава. Яго вінавацяць у парушэньні толькі аднаго артыкула, у адрозьненьне ад двух іншых фігурантаў у клетцы.

Зь ягоных словаў, ён ня быў зарэгістраваны ў палітычных або грамадзкіх арганізацыях. Ён быў адміністратарам тэлеграм-чата «Страна для жизни». Гэтую пасаду яму прапанаваў Сяргей Ціханоўскі.

Зьміцер Фурманаў (зьлева) падчас суду 18 студзеня
Зьміцер Фурманаў (зьлева) падчас суду 18 студзеня

«Ціханоўскі ўбачыў, што я дастаткова добра камунікую зь людзьмі, спрабую ўлагоджваць канфлікты. Гэтага было дастаткова, каб прапанаваць мне гэтае месца», — патлумачыў Фурманаў.

У чаце, як ён расказаў, размаўлялі на ўсялякія тэмы пра жыцьцё людзей. Фурманаў сачыў, каб людзі прытрымліваліся правілаў чату: ня лаяцца, напрыклад. Сачыў за чатам бясплатна, траціў на гэта каля гадзіны ў дзень. Былі ў чаце і іншыя адміністратары, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, іншых Фурманаў ня ведаў.

«Ці абмяркоўваліся палітычныя тэмы сярод грамадзянаў?» — запытаўся пракурор.

«Ня здолею ўспомніць», — адказаў Фурманаў.

Пракурор распытваў Фурманава пра стасункі зь ягонай дзяўчынай Вольгай Каракінай, таксама пра тое, што зацікавіла ў блогу Сяргея Ціханоўскага. Фурманаў адказаў, што тэмаў шмат, маўляў, усіх не прыгадаеш, яны тычыліся жыцьця людзей.

Фурманаў сустракаўся зь Ціханоўскім летась у лютым, калі той рабіў фільм пра Горадню. Тады на сустрэчу прыйшлі каля 10 чалавек, Ціханоўскі браў у людзей інтэрвію. Сам Фурманаў даваў інтэрвію Ціханоўскаму ў красавіку, за гэта атрымаў 7 сутак па адміністрацыйным артыкуле 23.34. Фурманаў паказваў Ціханоўскаму Горадню ў ягоны першы прыезд, суправаджаў па горадзе.

Як расказаў Ціханоўскі Фурманаву, ён езьдзіў па гарадах і здымаў інтэрвію за грошы людзей, падпісчыкаў, якія ахвяравалі яму грошы.

«Ці ўтрымліваюць гэтыя ролікі пазытыўную інфармацыю пра дзейнасьць дзяржаўных органаў улады, або толькі нэгатыў?» — запытаўся пракурор пра матэрыялы на YouTube-канале Ціханоўскага.

«Адмаўляюся ад паказаньняў», — адказаў Фурманаў.

Фурманаў адзначыў, што быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай па ўласным жаданьні, грошы за гэта яму не абяцалі. Фурманаў езьдзіў разам зь Ціханоўскім і зьбіраў подпісы ў Гомлі, Магілёве, Баранавічах, Слуцку і Горадні. Яны таксама вучылі ў гэтых гарадах іншых зборшчыкаў подпісаў. За харчаваньне і начлег у паездках плаціў Ціханоўскі.

Падчас пікету ў Горадні 29 траўня Фурманаў зьбіраў подпісы за сталом на Савецкай плошчы. Кажа, што быў цалкам заглыблены ў працэс збору подпісаў.

Зьміцер Фурманаў сядзіць за сталом у дзень перад затрыманьнем, зьлева ад яго на фота Вольга Каракіна. Горадня, 30 траўня 2020
Зьміцер Фурманаў сядзіць за сталом у дзень перад затрыманьнем, зьлева ад яго на фота Вольга Каракіна. Горадня, 30 траўня 2020

«Гэта было зборышча народу ці чэргі да сталоў?», — задала пытаньне судзьдзя.

«Нават ня ведаю», — адказаў Фурманаў.

Абстаноўка на плошчы, зь ягоных словаў, была прыязная. Ён ня чуў, каб міліцыянты папярэджвалі, што мерапрыемства незаконнае.

Фурманаў расказаў, што дагэтуль не знаёмы з Кнігам і Разьнічэнкам. Апошняга ён бачыў на пікеце ў Горадні 29 траўня. Фурманаў не прапаноўваў абараняць Ціханоўскага, калі таго будуць затрымліваць.Фурманаў на прапаноўваў абараняць Ціханоўскага, калі таго будуць затрымліваць, а таксама не заклікаў блякавць дарогі.

Пракурор запытаўся, ці ведае Фурманаў Дзьмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Сяргея Пятрухіна. Той адказаў, што яны праходзяць па той жа справе, што і ён.

Па словах Фурманава, ён бачыў момант, калі міліцыянт Казлоўскі ляжаў на зямлі, чуў сьвісток міліцыянта і крыкі. Што стала прычынай падзеньня, ён ня ведаў. Пасьля гэтага Фурманаў працягнуў зьбіраць подпісы.

«Пасьля таго як супрацоўнік упаў, празь некалькі сэкундаў мяне захапілі невядомыя людзі», — сказаў Фурманаў.

Як расказаў гарадзенец, пры затрыманьні да яго падбеглі 6–8 невядомых чалавек у масках, схапілі за рукі і ногі, ударылі кулаком у твар, ён страціў прытомнасьць. У мікрааўтобусе да яго прымянілі болевы прыём, ён ачуняў на падлозе мікрааўтобуса. Так ён даехаў да будынку, падобнага да міліцэйскага ўчастку.

«Я тады ня быў пэўны, што гэта міліцыя», — адзначыў абвінавачаны.
На пытаньне пракурора, ці быў Фурманаў знаёмы са Статкевічам, ён адказаў, што ня быў знаёмы, ведаў пра ягоную дзейнасьць толькі праз YouTube-канал «СДЖ».

Недарэчнае пытаньне пракурора «Куды вы накіраваліся пасьля пікету на Савецкай плошчы 29 траўня?» заля сустрэла гучным сьмехам.
«Куды панесьлі, туды і накіраваўся», — пракамэнтаваў нехта з залі.

Дзяржаўны абвінаваўца таксама цікавіўся, ці бачыў Фурманаў, як Ціханоўскі мяняў замежную валюту, ці сустракаўся ён сам са Статкевічам.

У судзе перапынак да 19 студзеня.

Іншых абвінавачаных, згодна зь іхнім жаданьнем, дапытаюць напрыканцы, пасьля допытаў пацярпелых і сьведак.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG