Гарадзенца, які паклаў міліцыянта на зямлю, асудзілі па адміністрацыйнай справе. Ён ужо месяц сядзіць у СІЗА

Яўген Разьнічэнка ў міліцэйскай машыне пасьля затрыманьня, 30 траўня 2020 году
Яўген Разьнічэнка ў міліцэйскай машыне пасьля затрыманьня, 30 траўня 2020 году

Яўгену Разьнічэнку далі 7 сутак арышту за дробнае хуліганства. Ён ужо трэці з затрыманых па крымінальнай «справе Ціханоўскага», якога асудзілі па адміністрацыйных справах.

Справу разгледзела судзьдзя Ларыса Барэль з суду Ленінскага раёну Горадні ў будынку Горадзенскага абласнога суду 30 чэрвеня.

Паводле матэрыялаў справы, Разьнічэнка падчас выбарчага пікету 29 траўня ў Горадні нецэнзурна лаяўся, чапляўся да мінакоў, перашкаджаў руху аўтатранспарту, парушаў грамадзкі парадак. Сьведкамі ў судзе выступілі міліцыянты Яўген Сарокін і Сяргей Фядосік. Разьнічэнка сваёй віны не прызнаў.

Суд прызначыў яму адміністрацыйны арышт — 7 сутак.

Яўген Разьнічэнка ён цяпер знаходзіцца ў СІЗА №1 Менску, ён затрыманы па крымінальнай справе за «гвалт супраць міліцыянтаў» разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і яшчэ 7 падазраванымі.

29 чэрвеня за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыянтам асудзілі Васіля Баброўскага на 10 сутак, 30 чэрвеня па гэтых жа артыкулах асудзілі Ўладзімера Навуміка на 10 сутак.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

​
XS
SM
MD
LG