Эўрапарлямэнт пазбавіў дэпутацкай недатыкальнасьці экс-кіраўніка Каталёніі

Карлес Пудждэмон

Былы кіраўнік адміністрацыі Каталёніі Карлес Пудждэмон і двое яго паплечнікаў, якія выступаюць за незалежнасьць гэтага паўночна-ўсходняга рэгіёну Гішпаніі, пазбаўленыя дэпутацкай недатыкальнасьці.

Як паведамляе DW, такое рашэньне Эўрапарлямэнт прыняў увечары ў панядзелак, 8 сакавіка. Фракцыі кансэрватараў, сацыял-дэмакратаў і лібэралаў заклікалі сваіх прадстаўнікоў прагаласаваць за зьняцьцё парлямэнцкага імунітэту, фракцыі «зялёных» і левых выступілі супраць.

У выніку галасаваньня больш за 400 дэпутатаў з амаль 700 выступілі за пазбаўленьне Пудждэмона, а таксама экс-прадстаўнікоў каталёнскай адміністрацыі Антоні Коміна і Клары Пансаці недатыкальнасьці. Цяпер ім пагражае выдача гішпанскім уладам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталёнскія палітыкі атрымалі турэмныя тэрміны

Афіцыйны Мадрыд вітаў пазыцыю Эўрапарлямэнту. Вынік галасаваньня паказвае, што каталёнскае пытаньне «павінна вырашацца ў Гішпаніі, а не на эўрапейскім узроўні», заявіла гішпанская міністарка замежных спраў Аранча Гансалес.

У 2019 годзе ўсе трое былі абраныя ў Эўрапарлямэнт. Аднак яны не змаглі прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў, бо гэтаму перашкаджала Гішпанія. Мадрыд ня першы год дамагаецца экстрадыцыі Пудждэмона і яго паплечнікаў. Аднак з прычыны парлямэнцкага імунітэту ўлады Бэльгіі (куды ўцяклі Пудждэмон і Комін) і Шатляндыі (куды адправілася Пансаці) не маглі даць ходу запытам гішпанскага боку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Бэльгіі прыпыніў экстрадыцыю былога кіраўніка Каталёніі ў Гішпанію

Пудждэмон, Комін і Пансаці пакінулі Гішпанію, каб пазьбегнуць судовага перасьледу пасьля няўдалай спробы абвясьціць незалежнасьць Каталёніі ад Мадрыду ў 2017 годзе. У кастрычніку 2019 году Вярхоўны суд Гішпаніі другі раз выдаў міжнародны ордэр на арышт экс-кіраўніка адміністрацыі Каталёніі. Падставай для гэтага сталі абвінавачваньні ў падбухторваньні да мяцяжу і растраце дзяржаўных сродкаў.

У сярэдзіне лютага 2021 году на выбарах у парлямэнт Каталёніі перамог блёк партый, якія выступаюць за самавызначэньне гэтага паўночна-ўсходняга рэгіёну Гішпаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарах у Каталёніі перамаглі прыхільнікі незалежнасьці