Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталёнскія палітыкі атрымалі турэмныя тэрміны


Дэманстрацыя прыхільнікаў каталёнскай незалежнасьці ў Барсэлёне, 16 лютага 2019

Вярхоўны суд Гішпаніі асудзіў дзевяцёх каталёнскіх лідэраў на турэмнае зьняволеньне ад 9 да 13 гадоў за арганізацыю рэфэрэндуму за незалежнасьць Каталёніі ў 2017 годзе.

Пра гэта паведамляе The Guardian, адзначаючы, што самае цяжкае абвінавачаньне — удзел у бунце — суд з падсудных зьняў.

У прыватнасьці, за падбухторваньне да бунту і злоўжываньне дзяржаўнымі сродкамі былы віцэ-прэзыдэнт каталёнскай аўтаноміі Урыёл Жункерас быў пакараны 13 гадамі турмы; былыя міністар замежных спраў Каталёніі Раул Румэва, прэсавы сакратар каталёнскага ўраду Жордзі Туруль і міністар працы Дулорс Баса — 12 гадамі; былы сьпікер парлямэнту Кармэ Фуркадэль — 11,5 года; яшчэ чатыры палітыкі атрымалі турэмныя прысуды ад 10,5 да 9 гадоў.

«100 гадоў турэмнага зьняволеньня агулам. Гэта барбарства… Час на рэакцыю, якой яшчэ не было. Дзеля будучыні нашых дзяцей. Дзеля дэмакратыі. Дзеля Эўропы. Дзеля Каталёніі», — напісаў у Твітэры былы прэзыдэнт каталёнскай аўтаноміі Карлэс Пудждэмон, які цяпер жыве на выгнаньні ў Бэльгіі.

Дзяржаўны абвінаваўца дамагаўся найбольшага турэмнага тэрміну (25 гадоў) для Урыёла Жункераса.

Усяго на лаве падсудных знаходзіліся 12 каталёнскіх палітыкаў, якія мелі дачыненьне да арганізацыі рэфэрэндуму за незалежнасьць Каталёніі.

Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка 2017-га. За выхад рэгіёну са складу Гішпаніі выказаліся больш за 90 адсоткаў з тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні. Яўка, паводле зьвестак каталёнскіх уладаў, склала 43 адсоткі ад агульнай колькасьці выбарнікаў.

Мадрыд абвясьціў галасаваньне незаконным, потым распусьціў рэгіянальны ўрад у Каталёніі, увёў наўпроставае кіраваньне ды прыцягнуў да судовай адказнасьці каталёнскіх палітыкаў, ангажаваных у арганізацыю рэфэрэндуму за незалежнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG