Крэмль шкадуе, што ЧС па хакеі «давялося перанесьці» зь Беларусі

Дзьмітры Пяскоў

Крэмль шкадуе аб прынятым Міжнароднай фэдэрацыяй хакею (IIHF) рашэньні пазбавіць Беларусь права прымаць чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2021 годзе.

Пра гэта сёньня заявіў Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

«Мы, безумоўна, можам шкадаваць, што такія рашэньні давялося прыняць», — сказаў Пяскоў.

На пытаньне, ці будзе Масква прэтэндаваць на правядзеньне чэмпіянату замест Менску, Пяскоў адказаў, што пакуль ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею не паступала ніякіх ініцыятыў. «Расея, са свайго боку, з гэтай фэдэрацыяй заўсёды знаходзіцца ў вельмі канструктыўных адносінах», — дадаў ён.

Чэмпіянат меўся прайсьці ў Менску і Рызе з 21 мая па 6 чэрвеня гэтага году. Напярэдадні Рада IIHF пазбавіла Менск права прыняць матчы чэмпіянату. Сваё рашэньне фэдэрацыя патлумачыла пытаньнямі бясьпекі, якія знаходзяцца «па-за кантролем» арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імідж дзяржавы адменены чэмпіянат ужо не пагоршыць», — былы топ-мэнэджэр Беларускай фэдэрацыі хакею