Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск пазбавілі права праводзіць хакейны чэмпіянат сьвету


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Беларусь пазбавілі права праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету па хакеі, які меўся праходзіць у Менску і Рызе. Такое рашэньне пацьвердзіла міжнародная хакейная фэдэрацыя (IIHF).

У паведамленьні арганізацыі гаворыцца, што рашэньне «непазьбежнае» і прымаецца зь меркаваньняў бясьпекі. Рада IIHF вызначыла, што цяпер у Беларусі немагчыма гарантаваць бясьпеку камандаў, гледачоў і афіцыйных асобаў, адзначаецца ў паведамленьні. Месца правядзеньня чэмпіянату замест Беларусі мае быць вызначана пазьней.

Чэмпіянат сьвету 2021 году плянавалася правесьці з 21 траўня па 6 чэрвеня ў Беларусі і Латвіі.​ Раней сёньня парлямэнт Латвіі адхіліў магчымасьць сумеснага правядзеньня ў 2021 годзе чэмпіянату сьвету разам зь Беларусьсю. Пра гэта гаварылася ў распаўсюджанай у панядзелак заяве камісіі сэйма па замежных справах.

«Латвія адхіляе любую магчымасьць зладзіць хакейны чэмпіянат разам зь Беларусьсю, бо пры цяперашніх абставінах, калі ў Беларусі праводзяцца гвалтоўныя рэпрэсіі, ладзіць спартовае мерапрыемства такога маштабу ў Менску недапушчальна», — прыводзіў партал delfi.lv заяву старшыні камісіі Рыхардса Колса.

Розныя эўрапейскія грамадзкія арганізацыі заклікалі IIHF перанесьці чэмпіянат сьвету 2021 году зь Менску з прычыны напружанай палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

11 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) знаходзіцца пад ціскам у сувязі з сытуацыяй вакол правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG