Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імідж дзяржавы адменены чэмпіянат ужо не пагоршыць», — былы топ-мэнэджэр Беларускай фэдэрацыі хакею


Сьвятласлаў Кісялёў, архіўнае фота
Сьвятласлаў Кісялёў, архіўнае фота

Ці быў шанец правесьці чэмпіянат сьвету ў хакеі ў краіне, амаль паўгода ахопленай пратэстамі? Пра гэта ў размове са Свабодай паразважаў колішні генэральны мэнэджар Беларускай фэдэрацыі хакею Сьвятаслаў Кісялёў.

«Чэмпіянат сьвету скасавалі пад ціскам палітычных абставінаў»

Сьвятаслаў Кісялёў цяпер хакейны агент, прадстаўляе інтарэсы дэбютанта ў паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ) Ягора Шаранговіча ды іншых маладых гульцоў.

Быў у першай заявачнай кампаніі чэмпіянату сьвету, прэзэнтацыя якой адбылася ў 2008 годзе ў канадзкім Ванкувэры. Зь першага падыходу атрымаць турнір на 2013 год не падфарціла, але наступная спроба была ўдалая — Менск заваяваў права стаць гаспадаром сусьветнага першынства-2014.

Як ён ставіцца да таго, што сёлета не ўдалося паўтарыць турнір? І што гэта — гучная параза рэжыму або ўсяго толькі вяртаньне справядлівасьці?

«Нават у коле маіх аднадумцаў аб бягучай сытуацыі думкі істотна разышліся... Сам я некалі браў самы актыўны ўдзел у кампаніі да чэмпіянату сьвету, каб прывезьці турнір у Беларусь. Ведаю, колькі намаганьняў прыклалі іншыя, хто застаўся ў цені. У тым ліку заслупіўшы права на паўтарэньне спаборніцтваў у 2021-м. Не дзеля таго, каб перад кімсьці выслужыцца ці атрымаць узнагароды. Шчырая калектыўная праца ў нізах, людзей, якіх асабліва не відаць», — кажа Сьвятаслаў Кісялёў.

Напярэдадні 2014 году апанэнты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі таксама разгарнулі кампанію дзеля пазбаўленьня Беларусі хакейнага чэмпіянату сьвету, бо перасьлед за іншадумства фактычна не спыняўся ад прэзыдэнцкіх выбараў — 2010. Тады ўлады пайшлі на саступкі, вызвалілі большасьць палітвязьняў; турнір удалося захаваць і нават атрымаць ухвальныя водгукі ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Чаго не хапіла, каб «даціснуць» вонкавых крытыкаў гэтым разам?

«Мне здаецца, той іміджавы ўдар, які нанесла дзяржаўная машына сваімі апошнімі рэпрэсіўнымі дзеяньнямі, ужо і адмененым чэмпіянатам не пагоршыць. Таму такі фінал быў цалкам чаканы. Думаю, турнір не адбыўся б нават без актыўнага ўдзелу многіх людзей, якія сёньня ў авангардзе. Гэта было зроблена пад ціскам якраз палітычных абставінаў. Хоць, безумоўна, для яднаньня адной ідэяй такая перамога важная з гледзішча эмацыйнага падсілкоўваньня», — пагаджаецца Сьвятаслаў Кісялёў.

«Сумняюся, што такая дзея магчымая ў наступнае дзесяцігодзьдзе»

Паводле Сьвятаслава Кісялёва, адным з вырашальных фактараў у справе адмены турніру стала адсутнасьць гарантыі бясьпекі для спартоўцаў і заўзятараў.

Беларуская фэдэрацыя хакею ніяк ня можа гарантаваць адсутнасьць пратэставай актыўнасьці, на якую сілавікі прызвычаіліся жорстка рэагаваць. І калі, словамі экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, «пад раздачу» амапаўцаў трапіць пара-тройка іншаземцаў, гэта не дадасьць плюсаў ні арганізатарам, ні Рэнэ Фазэлю, які і без таго доўга і даверліва лабіяваў інтарэсы свайго менскага сябра.

Сьвятаслаў Кісялёў і неаднаразова асуджаная за грамадзянскую пазыцыю Вольга Хіжынкова, архіўнае фота
Сьвятаслаў Кісялёў і неаднаразова асуджаная за грамадзянскую пазыцыю Вольга Хіжынкова, архіўнае фота

«Гарантаваньне бясьпекі для чальцоў камандаў падпадае пад адказнасьць нацыянальных фэдэрацый. Апошнім часам бачылі досыць шмат камэнтароў зь іх боку, бо заклапочанасьць досыць сур’ёзная. І гэта апраўдана, бо ніхто ня можа заявіць, што пратэставых акцый ня будзе. Ну і разгонаў, адпаведна. З другога боку, паўстае лягічнае пытаньне. Калі так моцна напружыліся дзеля адмены чэмпіянату, мы што, ня верым у нашую галоўную перамогу? Калі перакананыя ў перамозе, турнір быў бы цудоўным дадаткам да сьвята. А цяпер сумняваюся, што такая дзея магчымая нават у наступнае дзесяцігодзьдзе».

Як лічыць суразмоўца, у той ці іншай ступені чэмпіянат сьвету даваў бы дадатковы імунітэт дэмакратычным сілам, якім сёньня і без таго вельмі складана. А таму пасьля скасаваньня менскай часткі спаборніцтваў можна чакаць узмацненьня ўнутранага ціску на апанэтаў.

«Праваахоўная сыстэма павінна праявіць сваю кампэтэнцыю»

Раней Міжнародная фэдэрацыя хакею пачала праверку датычнасьці кіраўніка беларускай фэдэрацыі Дзьмітрыя Баскава да інцыдэнту, у выніку якога загінуў актывіст і мастак Раман Бандарэнка. Пасьля навіны пра адмену менскай часткі чэмпіянату сьвету функцыянэр выступіў з жорсткім «адлупам» у адрас лабістаў такога рашэньня. Ці не занадта самаўпэўнена, улічваючы пэрспэктывы магчымай дыскваліфікацыі?

Сьвятаслаў Кісялёў на хакейным матчы
Сьвятаслаў Кісялёў на хакейным матчы

«Вядома, хацелася б, каб камэнтары ў гэтым пытаньні давалі спэцыялісты не ў галіне спорту, а з кампэтэнтных органаў. Тое, што ёсьць разбор у Міжнароднай фэдэрацыі — гэта іх права. Але, як і многія, я чакаю, калі наша праваахоўная сыстэма нарэшце праявіць сваю кампэтэнцыю — ня проста замоўчваньнем, а канкрэтнымі довадамі ў кожным выпадку. І ня толькі тым, які тычыцца Дзьмітрыя Баскава».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году навіны зь Беларусі нагадвалі франтавыя зводкі: тысячы затрыманых, сотні пабітых і асуджаных. Вынікі галасаваньня не прызналі заходнія краіны і міжнародныя арганізацыі.

На пачатку верасьня на фоне масавых пратэстаў кіраўніцтва Латвіі — партнэра афіцыйнага Менску ў правядзеньні чэмпіянату — зьвярнулася ў Міжнародную фэдэрацыю хакею з просьбай правесьці спаборніцтвы разам зь іншай краінай. Сьледам Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі, дзе заклікаў «не гуляць з дыктатарам».

12 лістапада ў Менску пры нявысьветленых абставінах загінуў Раман Бандарэнка. Мужчына выйшаў да невядомых, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі ў двары. Тыя на яго накінуліся і зацягнулі ў аўтамабіль. Пазьней ён памёр у лякарні.

Сярод гасьцей «плошчы Пераменаў» заўважылі чалавека, падобнага да Дзьмітрыя Баскава, а ў інтэрнэт трапіў запіс размовы з такім жа голасам. Пасьля гэтага Латвія забараніла Баскаву ўезд на сваю тэрыторыю, а Міжнародная фэдэрацыя хакея пачала ўласны разбор.

11 студзеня ў Менск прыляцеў Рэнэ Фазэль. Фота і відэа, дзе ён абдымаецца з Лукашэнкам і здымаецца з Баскавым, разьляцеліся па ўсіх СМІ. На кіраўніка фэдэрацыі абрынулася хваля крытыкі. У некалькіх інтэрвію функцыянэр спрабаваў апраўдацца — маўляў, здымкі абяцалі не публікаваць. Заявіў, што, наадварот, ставіў перад Лукашэнкам пытаньне вызваленьня палітвязьняў. Аднак нікога ня толькі ня вызвалілі, а крымінальных спраў супраць актывістаў стала яшчэ больш.

На гэтым фоне генэральны спонсар чэмпіянату, аўтавытворца Škoda Holding, а таксама кампаніі Nivea, Tissot і Liqui Moly адмовіліся спансаваць турнір, калі той пройдзе ў Менску.

18 студзеня рада Міжнароднай фэдэрацыі хакею на сваім паседжаньні прыняла рашэньне не праводзіць чэмпіянат у Беларусі. Дзе адбудзецца менская частка спаборніцтваў, абяцаюць аб’явіць неўзабаве. Мяркуючы па ўсім, адзінай гаспадыняй турніру застанецца Рыга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG