Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка закінуў шайбу ў свае вароты


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Рада Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі (IIHF) 18 студзеня прыняла рашэньне пазбавіць Беларусь права праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету па хакеі, які меўся праходзіць у Менску і Рызе.

Падаецца, такое рашэньне не было прадвызначана. Прэзыдэнт IIHF Рэнэ Фазэль прыяжджаў у Менск 11 студзеня з апошняй адчайнай спробай выратаваць сытуацыю і пазьбегнуць цяжкага рашэньня аб выбары новага месца правядзеньня чэмпіянату.

Каб правесьці чэмпіянат, Лукашэнка дэманстраваў гатоўнасьць да саступак, нават паабяцаў перамовы з апазыцыяй. Можа, беларускаму рэжыму і ўдалося б усіх перахітрыць, вытаргаваць правядзеньне чэмпіянату ў Менску. Але не хапіла тонкасьці. У імкненьні атрымаць усё і адразу беларускія ўлады перашчыравалі, згулялі груба. У выніку візыт Рэнэ Фазэля скончыўся скандалам. Госьця проста падставілі.

Як паведаміў адзін зь сябраў дэлегацыі IIHF, беларускія ўлады абяцалі, што фота- і тэлерэпартажы пра сустрэчу кіраўніка Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі з Лукашэнкам ня будуць апублікаваныя. Але абяцаньня ня выканалі. У выніку фота- і тэлекарцінкі, як Рэнэ Фазэль абдымаецца з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама з адыёзным старшынём Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыем Баскавым, які падазраецца ў датычнасьці да палітычных рэпрэсій, зьявіліся спачатку ў беларускіх дзяржаўных СМІ, а потым і ў эўрапейскіх мэдыя. І выклікалі выбух абурэньня тамтэйшай грамадзкасьці.

У выніку кіраўніку Міжнароднай фэдэрацыі хакею давялося прасіць прабачэньня і апраўдвацца. Цёплая сустрэча з Лукашэнкам стала для Фазэля пацалункам палітычнай сьмерці. Тон яго інтэрвію і заяваў пасьля гэтага скандалу прыкметна памяняўся. «Павінен прызнаць: у Менску я трохі гуляў з агнём. І мы крыху апякліся», — вымушаны быў заявіць Фазэль. Прэзыдэнт IIHF стаў выказваць вялікія сумневы наконт магчымасьці правядзеньня чэмпіянату ў Менску. Пасяджэньне Рады фэдэрацыі тэрмінова перанесьлі з 25–26 студзеня, як плянавалася раней, на 18 студзеня. І менавіта скандал, выкліканы бесцырымоннасьцю беларускіх уладаў, паспрыяў такому рашэньню IIHF.

Такім чынам, мяркуючы па ўсім, уся гэтая хакейная гісторыя скончылася самастрэлам кіраўніцтва Беларусі. Што апошнім часам зь ім здараецца часта. Лукашэнка забіў шайбу ў свае вароты.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG