«Мы адмаўляемся ад званьняў». Сто ляўрэатаў стыпэндыі Лукашэнкі адмовіліся ад яе

Людзі чакаюць вызваленьня вязьняў ля турмы на Акрэсьціна. Ілюстрацыйнае фота.

Сто стыпэндыятаў, ляўрэатаў, прэміянтаў і дыплямантаў Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў адмовіліся ад званьня і ўсіх прывілеяў, піша tut by.

У адкрытай заяве гаворыцца, што «немагчыма насіць званьне ляўрэата стыпэндыі прэзыдэнта, калі прэзыдэнт дапускае ў краіне падман і зьверскае зьбіцьцё сваіх жа суграмадзян».

Падпісанты звароту патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызваліць палітвязьняў і затрыманых падчас прэзыдэнцкай кампаніі і мірных акцый пратэсту, спыніць гвалту з боку міліцыі, АМАПу і арміі, спыніць перасьлед журналістаў незалежных СМІ і скажэньне інфармацыі ў дзяржаўных СМІ, а таксама правесьці новыя, сумленныя выбары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі

«Мы заяўляем: нам сорамна несьці гэтае званьне. Так здарылася, што беларусы больш не адчуваюць сябе ў бясьпецы ў сваёй краіне. Мы ня можам спакойна знаходзіцца на вуліцы, ня можам выказваць сваё меркаваньне, у краіне пануе атмасфэра абурэньня і страху... Мы не прызнаем афіцыйныя вынікі гэтай прэзыдэнцкай кампаніі... Народ хоча і мае права мірна выказаць сваё меркаваньне, і гэты народ — гэта не праплачаныя з-за мяжы „адмарожаныя“, народ — гэта ўсе мы».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.