На месцы барыкадаў каля гандлёвага цэнтру «Рыга» паставілі машыну з налепкай «За Батьку 100%»

Барыкады каля гандлёвага цэнтру «Рыга» перад разгонам пратэстоўцаў

Каля эпіцэнтраў дэманстрацыяў у Менску на наступны дзень, 11 жніўня, выставілі паддоны з тратуарнай пліткай. Пазьней на месца, дзе стаялі барыкады, паставілі машыну з налепкай «За Батьку 100%». Здымкі апублікавала «Наша ніва».

Плітку заўважылі каля «Макдональдса» на плошчы Бангалор, некалькі паддонаў стаяла ў раёне ўнівэрсаму «Рыга». Ходнік у тых месцах рамонту не патрабуе. У раёне праспэкту Прытыцкага на прыпынку ў заўважным месцы з тратуару зьнялі плітку.

Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня ў шэрагу гарадоў Беларусі працягваліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Найбольш паведамлялі аб пратэстах і затрыманьнях у Менску. Два асноўныя цэнтры пратэсту ўтварыліся каля гандлёвага цэнтру «Рыга», і між станцыямі мэтро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманьні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і «Маяку Менску».

Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, сьвятлашумавыя гранаты, вадамёты, гумавыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду.

Адзін пратэстовец загінуў.