Затрыманым у Гомлі прысуджаюць па 10–15 дзён арышту, на суды не пускаюць, інфармацыю сваякам не даюць

Сваякі затрыманых каля ізалятару ў Гомлі, 11 жніўня

Затрыманым у Гомлі 10 жніўня даюць па 10-15 дзён арышту, кажуць родныя. Суды праходзяць у выязным рэжыме ў будынках РАУС, ІЧУ і СІЗА. На суды нікога не дапускаюць.

Сваякам ані ў міліцыі, ані ў судзе не даюць ніякай інфармацыі. Толькі некаторыя сваякі здолелі даведацца пра тэрміны арышту. Адбываць арышт людзей развозяць па розных ІЧУ вобласьці.

«Сыну далі 12 сутак. У гомельскім ІЧУ адмаўляюцца казаць, дзе ён. Сказалі — шукайце яго ці ў Каленкавічах, ці ў Брагіне. Гэта поўнае беззаконьне!» — пракамэнтаваў Свабодзе жыхар Гомля Анатоль.

Іншым сваякам, якія чакаюць зьвестак пра сваіх блізкіх пад СІЗА, міліцыя адказвае так: «Усім — ад 10 да 15 сутак». Натальлі ў Цэнтральным РАУС паведамілі, што яе сын атрымаў прысуд на 7 сутак. А ў канцылярыі суду Цэнтральнага раёну сказалі, што на 15.

«Гэта нейкі жах, сваволя, бязьмежжа, я ў шоку. Ён проста ішоў да сваёй дзяўчыны», — абураецца Натальля. Яе сыну 18 гадоў. Ён вучыцца ў адным з каледжаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Магілёве мужчынам прысуджаюць 15 дзён арышту, жанчынам — 10

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Відавочцы пратэстаў у Берасьці: Гэта быў мірны пратэст, сабраліся тысячы чалавек, сілавікі ўжылі шумавыя гранаты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Рэпрэсіі нацэленыя на рабочых». Прафсаюзны лідэр пра «перадстрайкавую» сытуацыю ў Наваполацку 

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Байдэн: «Народ Беларусі патрабуе, каб яго голас пачулі»