Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія ўвечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перамен» Віктара Цоя падчас дзяржаўнай імпрэзы ў Кіеўскім сквэры Менску, не выходзяць на сувязь.
Брат Кірыла Галанава Мікіта напісаў, што Кірыл не адказвае па тэлефоне і ў сацсетках. А 21:42 тэлефон Кірыла Галанава стаў недасяжным.
Зьвязацца з Уладзіславам Сакалоўскім і Кірылам Галанавым Свабодзе не ўдалося.
Як напісаў Свабодзе ананімны карыстальнік, калі ён ішоў з Уладзіславам і Кірылам, да іх падбеглі людзі у цывільным і схапілі гукарэжысэраў. Суразмоўца не ўдакладніў, дзе і ў які час адбылося затрыманьне. Пацьвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не атрымалася.
Што адбылося?
Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія забясьпечвалі гукавое суправаджэньне дзяржаўнай імпрэзы ў менскім Кіеўскім сквэры, а 19:00 уключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя. У Кіеўскі сквэр зьбіралася прыехаць Сьвятлана Ціханоўская. Пасьля гэтага мужчыны паднялі ў гару рукі зь белымі бранзалетамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі.
«Перемен» стала апошняй песьняй на «Дні дадатковай адукацыі». Пасьля гэтага музычнае суправаджэньне адключылі.
У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысэрамі. Клішэвіч назваў дзеяньні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касьцюмах і АМАП. Уладзіслаў пачаў зьбіраць тэхніку.
Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Замест яго там сьвяткуюць Дзень чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы а 19-й гадзіне.