1362 затрыманьні, 8 гадоў і 7 месяцаў арыштаў, 287 тысяч рублёў штрафаў. Статыстыка з пачатку выбарчай кампаніі

Затрыманьні нярэдка праводзяць «людзі ў цывільным», якія забіраюць людзей у мікрааўтобусы без нумароў — «сінія бусы»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў абноўленую статыстыку прысудаў з пачатку выбарчай кампаніі, якія называе палітычна матываванымі. Па стане на 6 жніўня 223 чалавекі атрымалі адміністрацыйныя арышты, 379 — штрафы.

Ад пачатку выбарчай кампаніі ў траўні і да 6 жніўня, піша «Вясна», паводле адміністрацыйных артыкулаў, якія выкарыстоўваюць «у мэтах палітычнага перасьледу»:

  • сумарна 3138 дзён арышту прысудзілі 223 людзям;
  • сумарна 287 тысяч рублёў штрафаў прысудзілі 379 людзям;
  • зафіксавалі сама меней 1362 выпадкі адвольных затрыманьняў.

Найчасьцейшыя прысуды — паводле артыкулу 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за «несанкцыянаванае мерапрыемства» і 23.4 КаАП за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню».

Акрамя таго, праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 25 чалавек.

Праваабаронцы «Вясны» і Беларускага Хэльсынскага камітэту неаднаразова заяўлялі, што выбарчая кампанія ідзе «на фоне няспынных рэпрэсіяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Асноўны супернік за кратамі, 700 затрыманых і мэм «Саша 3%». Выбары-2020 у лічбах і фактах