Паводле назіральнікаў, на 27 участку, што ў сталічнай школе № 70, у першы дзень датэрмінова прагаласавалі 23 чалавекі, бюлетэняў жа ў скрыні аказалася 57. Назіральнікаў не дапускаюць на аплямбаваньне і ўскрыцьцё скрыняў для галасаваньня, не знаёмяць з пратаколамі.
Карэспандэнтка Свабоды прыйшла ў Першамайскую раённую выбарчую камісію на дамоўленую на 13.30 сустрэчу са старшынём камісіі Вячаславам Кузьняцовым. У прызначаны час старшыні Кузьняцова на месцы не аказалася — кажуць, паехаў у камісію. Затое чарадой ішлі назіральнікі са скаргамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ініцыятыва «Честные люди» зафіксавала 2056 парушэньняў у першы дзень датэрміновага галасаваньняНазіральнік NN працуе на ўчастку № 47, што ў школе № 191 у мікрараёне Ўручча. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Міхаіл Камінскі не дапусьціў назіральнікаў на ўскрыцьцё скрыні.
«У Пастанове № 11 ЦВК прапісана, што колькасьць назіральнікаў абмежаваная толькі ў час галасаваньня — 3 чалавекі ў дні датэрміновага галасаваньня і 5 — у асноўны дзень. А ўскрыцьцё урнаў ажыцьцяўляецца да пачатку галасаваньня. Мне было адмоўлена прысутнічаць старшынём камісіі Камінскім», — сказаў назіральнік.
Віталь акрэдытаваны назіральнікам на выбарчым участку № 27, што ў сярэдняй школе № 70 імя Гурцьева на вуліцы Каліноўскага.
«Старшыня ўчастковай камісіі Аляксандар Палякоў мяне не дапусьціў на ўчастак, схапіў за руку, выцягнуў сілай з кабінэту. Я нават напісаў заяву ў міліцыю. І вось зараз прыйшоў падаваць скаргу ў раённую камісію».
Кацярына, назіральніца з суседняга 28-га ўчастку, які месьціцца ў той самай школе № 70, расказала, што на яе ўчастку іх запрасілі на апячатваньне урнаў у перапынку на абед, ставяцца да назіральнікаў больш-менш нармальна.
А вось на суседнім 27-м участку, дзе назірае Віталь, пастаянна зачыненыя дзьверы, хоць паводле санітарных рэкамэндацый трымаць дзьверы пажадана адчыненымі, кажа Кацярына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На выбарчых участках затрымліваюць незалежных назіральнікаў. Сьпіс«Сябры 27-й камісіі ўчора засталіся ў памяшканьні і пасьля 14-й гадзіны, калі быў перапынак на абед, выставіўшы назіральнікаў. Пасьля 14-й гадзіны яны зачыніліся ў кабінэце, але потым выйшлі і здалі ключ міліцыянту. Назіральнікі іх чакалі пад дзьвярыма. Сябры камісіі здалі ключ міліцыянту. Усе разышліся, а я пайшла ў прыбіральню.
Калі я вярталася з прыбіральні, то пабачыла, як старшыня камісіі Аляксандар Палякоў узяў ключ у міліцыянта і ўвайшоў у памяшканьне для галасаваньня з грудай папер. Яўка замест 23 чалавек (якую зафіксавалі назіральнікі) склала 57 — гэта на 27-м участку», — сказала Кацярына.
Свабода датэлефанавалася да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі № 27 Аляксандра Андрэевіча Палякова, але той адмовіўся ад камэнтароў.
Віталь напісаў скаргі ў раённую выбарчую камісію, Кацярына прыйшла пацьвердзіць яго словы.