Праваабаронцы пра датэрміновае галасаваньне: «Выбарчы працэс недаступны для незалежнага назіраньня»

Датэрміновае галасаваньне

Кампанія назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую ажыцьцяўляюць Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна», прааналізавала пачатак датэрміновага галасаваньня.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» вылучылі 618 назіральнікаў на ўчасткі для галасаваньня, зь якіх 93% акрэдытаваныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Пры гэтым абсалютная іх большасьць (94,5%) ня трапіла ў квоты назіральнікаў, вызначаных Цэнтравыбаркамам 22 ліпеня ў сувязі са «складанай эпідэмічнай сытуацыяй». Іх акрэдытавалі пазьней, чым першых трох (пяць) назіральнікаў і не дапусьцілі да назіраньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Старшыня камісіі ўвяла прапускны рэжым». Незалежных назіральнікаў масава не пускаюць на выбарчыя ўчасткі

34 назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» (5,5% ад агульнай колькасьці акрэдытаваных) уключаныя ў графікі назіраньня на пэўны час і толькі 2 — на працягу ўсяго пэрыяду выбараў і падліку галасоў.

Большасьць дапушчаных на ўчасткі назіральнікаў прадстаўлены прадзяржаўнымі грамадзкімі аб’яднаньнямі і былі зарэгістраваныя адразу пасля ўтварэньня камісій 24-25 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэгістравалася першай, запісалі 13-й. Як незалежных назіральнікаў не дапускаюць на ўчасткі для галасаваньня 

Як падсумоўваюць праваабаронцы, уведзеныя пастановай ЦВК № 115 квоты назіральнікаў на выбарчых участках зрабілі выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назіраньня і непразрыстым. Гэта парушэньнеаднаго з асноўных прынцыпаў правядзеньня дэмакратычных выбараў.

Відавочна, пастанова, якая абмежавала колькасьць назіральнікаў, не была скіраваная на прафіляктыку пандэміі, а мела за мэту спыніць незалежнае назіраньне — шмат хто зь сяброў камісій і праўладных назіральнікаў не выконвае рэкамэндацый Міністэрства аховы здароўя.