Невядомыя падпалілі дах сцэны ў парку Дружбы народаў, дзе замест мітынгу Ціханоўскай улады плянуюць канцэрт  

Сцэна ў Парку дружбы народаў у Менску пасьля пажару

У менскім парку Дружбы народаў загарэлася павець над сцэнай. Фатаздымак пашкоджанай бакавой часткі выкладзены ў тэлеграм-канале Nexta.live.

Цяпер на месцы здарэньня працуюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, дапамога ратавальнікаў не запатрабавалася.

Мінулай ноччу невядомыя падпалілі сцэну, якую сталічныя чыноўнікі паставілі ў парку Дружбы народаў. Сьвятлана Ціханоўская зьбіралася правесьці тут свой чарговы мітынг 6 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ПЦ «Вясна»: на мітынгу Ціханоўскай пабывалі 63 000 чалавек

Напярэдадні стала вядома, што ў сталічным парку, дзе дагэтуль ніколі не праводзіліся культурныя імпрэзы, на ўвесь тыдзень заплянавалі канцэрты. Напрыклад, 6 жніўня, калі аб’яднаны штаб абвесьціў чарговы мітынг-канцэрт кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, пройдзе «сьвяточнае мерапрыемства ў гонар чыгуначных войскаў».

Назіральнікі зьвязваюць гэта зь нежаданьнем уладаў дапусьціць на пляцоўку вялікую колькасьць прыхільнікаў альтэрнатыўный кандыдаткі. Дзьве папярэднія акцыі сабралі дзясяткі тысяч удзельнікаў.