У Магілёве затрымалі актывіста Паўлінковіча, на якога завялі крымінальную справу за «абразу судзьдзі»

Станіслаў Паўлінковіч, архіўнае фота

Актывіст з Магілёва Станіслаў Паўлінковіч раніцай 3 жніўня паведаміў праз SMS, што яго затрымалі. Раніцай ён пайшоў на допыт. На тэлефанаваньні не адказвае.

Паўлінковіч раней дапускаў, што яго могуць затрымаць — ён фігурант крымінальнай справы за «абразу судзьдзі». Трэцяга жніўня ён ішоў на допыт у гэтай справе. Акрамя таго, ён мае «неадседжаныя суткі» адміністрацыйнага арышту за ранейшыя акцыі пратэсту.

Са Сьледчага камітэту Станіслава Паўлінковіча завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня для адбыцьця 15-суткавага арышту. Пра гэта Свабодзе паведамілі магілёўскія праваабаронцы са спасылкай на адвакатку, якая высьвятляла лёс актывіста.

21 траўня Паўлінковічу прысудзілі гэтыя 15 сутак за непадпарадкаваньне міліцыянтам, якія прыехалі яго забіраць з працы, а таксама за абразьлівыя выказваньні на іхны адрас. На тым працэсе Паўлінковіч не стрымаў эмоцыяў і абразьліва выказаўся пра судзьдзю Аксану Ратнікаву, якая разглядала адміністрацыйную справу. За гэта актывіст трапіў пад крымінальны перасьлед.