Крэмль вырашыў заняць пазыцыю нэўтралітэту і не падтрымліваць ніводнага з кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, у тым ліку цяперашняга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. Гэтак заявіў у інтэрвію ўкраінскаму парталу hromadske Валер Цапкала, які спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам, а цяпер падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую.
Паводле Цапкалы, расейскае кіраўніцтва прыняло такое рашэньне, бо «не хоча сварыцца з беларускім народам». Беларусы могуць разглядаць дзеяньні Крамля як антыбеларускую палітыку і спробы перашкодзіць ім рухацца наперад.
«А для Расеі ёсьць сур’ёзнае пытаньне: ці варта падтрымліваць Лукашэнку і пасварыцца зь беларускім народам на будучыню, бо няма гарантыі, што ён будзе пераабраны. Альбо наадварот, падтрымаць беларускі народ — таксама цяжка, бо шмат розных дамоўленасьцяў з Лукашэнкам, абавязаньняў», — сказаў Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На мітынг Ціханоўскай у Берасьці прыйшлі каля 20 тысяч чалавек. ВІДЭАЦапкала сказаў, што на гэтых выбарах Масква заняла адзіную правільную пазыцыю ў такіх сытуацыях і не падтрымала ніводнага з кандыдатаў.
Раніцай 24 ліпеня стала вядома, што Валер Цапкала разам зь дзецьмі зьехаў зь Беларусі. Ён патлумачыў такое рашэньне тым, што яго сябры ў праваахоўных органах папярэдзілі, што рыхтуецца яго арышт. Ягоная жонка Вераніка засталася ў Беларусі і ўдзельнічае ў кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. 2 жніўня зьявілася паведамленьне, што Цапкала зьехаў з Масквы і цяпер знаходзіцца ў Кіеве.