У выбарчы фонд Ціханоўскай паступіла больш за ўсё грошай сярод усіх кандыдатаў у прэзыдэнты

Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Менску

У выбарчыя фонды кандыдатаў у прэзыдэнты па стане на 29 ліпеня паступіла 534 294 рублі 15 капеек, паводле зьвестак Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. За апошні тыдзень у фонды пералічана 235 353 рублі 86 капеек.

  • Больш за ўсё сродкаў паступіла ў фонд Сьвятланы Ціханоўскай — 268 648,28 рубля, у тым ліку за апошні тыдзень — 216 870,83 рубля. 24 ліпеня яе штаб абвясьціў аб спыненьні збору сродкаў у сувязі з набліжэньнем да дазволенага парога (9 тысяч базавых велічынь, або 243 000 рублёў).
  • На выбарчую кампанію Аляксандра Лукашэнкі пералічана 254 584,87 рубля (+16 590,03 за апошні тыдзень).
  • Андрэя Дзьмітрыева — 4 254 (+1 692).
  • Ганны Канапацкай — 4 207 (201).
  • Сяргея Чэрачня — 2 600 (0).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мітынг у падтрымку Ціханоўскай стаў самым масавым у Менску за 10 год

Кандыдаты выдаткавалі агулам 145 516 рублёў 28 капеек, ці 27,2% сродкаў, якія паступілі на іхныя рахункі.

  • Больш за іншых патраціла Ціханоўская — 77 942,54 рубля (53,6% выдаткаў усіх кандыдатаў і 29% яе фонду).
  • Выдаткі Лукашэнкі склалі 57 161,52 рубля (39,3% выдаткаў кандыдатаў і 22,5% яго фонду).
  • Канапацкай — 4 163,18 рубля (2,9% расходаў кандыдатаў і 99% яе фонду).
  • Дзьмітрыева — 3 747,46 рубля (2,6% расходаў кандыдатаў і 88,1% яго фонду).
  • Чэрачня — 2 501,58 (1,7% расходаў кандыдатаў і 96,2% яго фонду).

Выбарчы фонд фармуецца з уласных сродкаў кандыдата, а таксама добраахвотных ахвяраваньняў юрыдычных і фізычных асоб. Для юрыдычных асобаў максымальны памер узносаў складае 50 базавых велічынь, для грамадзянаў — 20.

Спэцыяльны рахунак для фармаваньня выбарчага фонду кандыдат адкрывае ў «Беларусбанку». Яго сродкі могуць быць выкарыстаныя толькі для аплаты расходаў, зьвязаных з выбарамі, у тым ліку для аплаты працы чальцоў ініцыятыўных груп і перадвыбарчай агітацыі.

Сярод прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта найбольшую суму ў выбарчым фондзе меў Віктар Бабарыка — 155 083 рублі. 17 чэрвеня, за дзень да затрыманьня экс-банкіра, стала вядома, што ягоны рахунак заблякаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску адбыўся шматтысячны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. ФОТА, ВІДЭА