МЗС РФ: «Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрыманьня 33 грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі»

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, ілюстрацыйнае фота

Вечарам 30 ліпеня Міністэрства замежных справаў Расеі апублікавала заяву «для СМІ» ў сувязі з затрыманьнем у Беларусі 29 ліпеня 33 чалавек, якіх беларускія ўлады называюць баевікамі ПВК «Вагнэр» і падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў.

Трактоўку падзеяў беларускім бокам МЗС Расеі называе «адыёзнай» — яна «не вытрымлівае ніякай крытыкі». Ведамства паўтарае вэрсію, якую раней агучыў амбасадар Расеі ў Беларусі: затрыманыя «пасяліліся ў санаторыі, бо спазьніліся на самалёт», легальна ехалі транзытам празь Беларусь і мелі працоўныя дамовы. Лягістыку на тэрыторыі Беларусі «забясьпечвала беларуская кампанія»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі запытала інфармацыю пра затрыманых баевікоў у амбасадараў Расеі і Ўкраіны

«Спроба прадставіць падзеі як вонкавае ўмяшаньне ў справы рэспублікі выклікае прынамсі зьдзіўленьне, — піша МЗС Расеі. — У распараджэньні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсьць усе неабходныя дакумэнты для высьвятленьня праўды.

Павінен быць неадкладна забясьпечаны доступ консульскіх супрацоўнікаў да нашых грамадзян. Неабходна спыніць нагнятаньне непатрэбных, асабліва ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў, нэгатыўных эмоцыяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна будзе настойваць на экстрадыцыі затрыманых у Беларусі баевікоў