У эфіры «Клюбу рэдактароў» старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Дзьмітры Жук прайшліся па незалежных СМІ, выбарчай кампаніі аб’яднанага штабу і Сьвятлане Ціханоўскай.
Іван Эйсмант: Незалежныя СМІ вядуць дэструктыўную, падрыўную дзейнасьць, стрымы каардынуюць акцыі пратэсту. Яны сталі на рэвалюцыйныя рэйкі.
Дзьмітры Жук: Яны рыхтуюць пераварот!
Далейшыя асноўныя тэзы выпуску:
- і палітычнае, і мэдыйнае поле расколатае на дзьве часткі ў адносінах да ўлады
- журналісты тэлефануюць сэлебрыці, патрабуюць асуджэньня дзеяньняў уладаў, іначай, маўляў, «асудзяць вас»
- супраць тых, хто падтрымлівае ўладу, вядзецца цкаваньне ў сацсетках
- яшчэ пра незалежныя СМІ: альтэрнатыўная рэальнасьць, якую яны самі сабе стварылі і татальная хлусьня
- Лукашэнка заўсёды перамагаў у першым туры
- хто ня верыць у высокі рэйтынг Лукашэнкі — няхай замовіць сацапытаньне ў акрэдытаваных цэнтрах
- пра белыя стужкі, якія прапануе аб’яднаны штаб: гэта сэканд-хэнд, такое ўжо было ў Расеі. Гэта так нязгодных хочуць пазначыць!
- пра пратэсты: ідзе барацьба не супраць Лукашэнкі, а супраць нашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, сацыяльна арыентаванай дзяржавы, ідзе новая хваля капіталізму
- пра Ціханоўскую: нам прапануюць прагаласаваць за таго, хто сам гаворыць, што ні ў чым не разьбіраецца. Павыпускае з турмаў бандытаў і наркаманаў, якія разьдзярбаняць дзяржаву
- гэтая кампанія з вылучэньнем — у інтарэсах нейкай трэцяй асобы. Падобна, што стаіць за гэтым Саньнікаў, тырчаць вусы Мілінкевіча
- нязгодных журналістаў з афіцыйных СМІ ніхто не звальняў, яны самі сышлі
- у міжнародных кампаніях спачуваюць беларускім чыноўнікам, бо яны вельмі бедныя і пад татальным кантролем сілавых структур.