Першы пікет Ціханоўскай у Магілёве прайшоў безь Ціханоўскай. ФОТА

Пікет Ціханоўскай у Магілёве

Першы перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай сабраў у Магілёве блізу паўтысячы чалавек. Прайшоў ён пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на выдзеленай уладамі пляцоўцы перад мясцовым Лядовым Палацам (ад цэнтру гораду да яго 10 хвілін грамадзкім транспартам).

Міліцыі ў форме на месцы правядзеньня пікету заўважана не было, але ягоныя ўдзельнікі непакоіліся правакацыі з боку праваахоўнікаў і азіраліся па бакох. На пікет не прыехала Ціханоўская, чым «пакрыўдзіла магілёўцаў».

«26 гадоў зь 72-х загубленыя і мне сорамна, калі выступае Лукашэнка»

Пачатак пікету магілёўскія паплечнікі Ціханоўскай заплянавалі на 15 гадзінаў. Першымі прыйшлі найстарэйшыя ўдзельнікі. 82-гадовы Генадзь на пікеце спадзяецца больш даведацца пра кандыдатку і яе праграму, каб вызначыцца, ці галасаваць за яе. Яму хочацца пераменаў, людзкага жыцьця для ўнукаў і праўнукаў і, каб «ім не было сорамна за краіну».

82-гадовы Генадзь

«Выбараў ня будзе, — лічыць ён. — Адбудзецца прызначэньне таго, хто 26 гадоў знаходзіцца на алімпе ўлады. Наша цяпер жыцьцё, як у капусты пад гнётам. Я ведаю, пра што гавару, бо мяне 5-гадовага ставілі пад плотам страляць уласаўцы і разумею, што такое тэрор».

72-гадовы Ўладзімер кажа, што «26 гадоў зь 72-х загубленыя». Паводле яго, за гэтых час мы «навучыліся мыць кароў, а сьвет зьмяніўся». Паводле яго, Лукашэнка «захрас у СССР і кіруе тымі ж мэтадамі». Суразмоўца прызнаецца, што яму сорамна, калі кіраўнік дзяржавы выступае.

72-гадовы Уладзімер

«Я хачу пераменаў, — адзначае ён. — Бабарыка І Цапкала ведаюць, як іх зрабіць, але гэтых прэтэндэнтаў „засеклі“. А сёньня першы пікет Ціханоўскай, і я вырашыў, што мушу тут прысутнічаць. Я падазраю, што будзе плошча 9 ці 10 жніўня, бо моладзь ужо не баіцца. Арышты яе ня спыняць»

На пікет Ціханоўскай прыехалі яе паплечнікі зь Менску і Мазыра. 31-гадовая Анастасія кажа, што яны наведаліся ў Магілёў, каб паказаць: «мы за перамены» і актыўнасьць ня толькі ў сталіцы

Менскія прыхільнікі Ціханоўскай у Магілёве

«Сьвятлана хоча вызваліць краіну і зрабіць свабодныя выбары. Мы ўсе чакаем пераменаў, і 26 гадоў чаканьня дастаткова, каб яны надышлі».

«Мы хочам паказаць нашу салідарнасьць з усёй Беларусьсю і плянуем пабываць ва ўсіх гарадах Беларусі», — дадае 35-гадовы Аляксей зь Менску.

«Тры прыгажуні супраць мужчынскай дыктатуры»

Паўтысячы чалавек сабралася на пікет за 40 хвілінаў, як ён пачаўся. Многія прыйшлі паслухаць і пабачыць саму Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама Вераніку Цапкалу, жонку экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Валерыя Цапкалы ды прадстаўніцу штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву. Людзі не хавалі, што расчараваныя іхнай адсутнасьцю. Адзін з удзельнікаў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды заўважыў: «Пакрыўдзіла магілёўцаў».

Нямала магілёўцаў прыйшлі з нацыянальнай сымболікай

«Сьвятлана дужа хацела прыехаць, але на яе навалілася шмат тэрміновых справаў», — тлумачыць грамадзе давераная асоба вылучэнкі на прэзыдэнцтва Мікалай Маслоўскі.

«Вы ведаеце, — кажа ён. — штаб Сьвятланы быў разгромлены і цяпер фармуецца з новай сілай. Ёсьць падтрымка моцных палітыкаў, партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, а таксама штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы».

Людзі працяглымі воплескамі адрэагавалі на словы Маслоўскага пра аб’яднаньне трох жанчын, якіх паводле ягоных словаў, у інтэрнэце называюць «беларускімі прыгажунямі», якія выступілі «супраць мужчынскай дыктатуры».

Вядоўцы мітынгу Тацяна Сівачэнка і Ўладзімер Шанцаў

Вядоўцамі пікету былі актывісты АГП і давараныя асобы Ціханоўскай Тацяна Сівачэнка і Ўладзімер Шанцаў. Яны нагадалі: улада выдзеліла ў горадзе для перадвыбарчай агітацыі толькі дзьве пляцоўкі і, на думку Шанцава, гэта сьведчыць, што яна пабаялася тысяч людзей, якія стаялі ў чэргах за трыста мэтраў ад гарвыканкаму, каб подпісамі падтрымаць альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцтва.

«Надакучыла 26 гадоў жыць у страху»

Пікет прыходзіў у форме «свабоднага мікрафону». Тацяна Сівачэнка заклікала грамаду «не саромецца выказвацца», бо «цяпер можна гаварыць».

Пра што гаварылі людзі, сьцісла

  • Я за свабодныя выбары, чэсныя суды і супраць сваволі ўлады і сілавікоў;
  • Надакучыла жыць у страху 26 гадоў. Хочацца жыць па-людзку з годнымі заробкамі і пэнсіямі. Свабодна хадзіць па гэтай зямлі і нічога не баяцца. За перамены;

Былі ўдзельнікі пікету, якія нагадвалі пра палітзьняволеных

  • Хачу жыць гэтак, як людзі цывілізаваных краінаў і мець тое, чым валодаюць яны;
  • Нас павінна быць болей і мы ня мусім баяцца выходзіць на мірныя пікеты. Нас большасьць і мы не маргіналы;
  • Сярод нас ёсьць міліцыянты і яны маюць зразумець, што ўжываць фізычную сілу супраць мірных, няўзброеных людзей неабачліва з іхнага боку. Вас не вучылі зьбіваць дзяўчат. Вас вучылі абараняць людзей і краіну. Дазвольце нам выказваць сваё меркаваньне;
  • Лукашэнка скраў нашу незалежнасьць, свабоду, магчымасьць выбіраць і гаварыць тое, што думаем. У нас зьявілася надзея;
  • Мы маем сілу, волю і пакажам, што мы людзі. «Жыве Беларусь!»

Сяржант унутраных войск у адстаўцы Юры

Выступіў на пікеце і сяржант унутраных войск у адстаўцы Юры. Ён выйшаў да мікрафону з букетам ружаў, якія зьбіраўся аддаць Ціханоўскай. Паводле яго, ва ўнутраных войсках цяпер хістаюцца і баяцца выконваць загады па разгону мірных акцыяў пратэсту. Ён нагадаў вайскоўцам, што яны маюць права не выконваць злачынныя загады.

Прыходзілі на пікет сем’ямі

Тут жа на мітынгу людзі запісваліся ў назіральнікі, каб «выбары сталі чэснымі і адкрытымі», — патлумачыла Тацяна Сівачэнка. Каманда назіральнікаў у гэты дзень папоўнілася прыкладна на 80 чалавек.

Запіс у назіральнікі

Інцыдэнтаў і затрыманьняў падчас пікету не было. Праваабаронцы ня маюць зьвестак пра затрыманых, аднак адзначаюць, што супрацоўнікі ДАІ аштрафавалі больш за дзясятак кіроўцаў, якія віталі пікет сыгналамі. Скончыўся пікет канцэртам.

Бел-чырвона-белымі сьцягамі сустракалі кіроўцаў удзельнікі пікету

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.