Паплечніка Ціханоўскай, затрыманага напярэдадні Славянскага базару ў Віцебску, арыштавалі на 13 сутак — нібыта за сварку зь дзяўчынай

Руслан Ахрымчук

Руслана Ахрымчука судзілі 17 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Віцебску ў другой палове дня паводле часткі 2 артыкула 9.1. Артыкул прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за правапарушэньні ў галіне сямейна-бытавых адносін. Паседжаньне доўжылася амаль дзьве гадзіны.

Руслана затрымалі 15 ліпеня. Двое сутак да суду ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Суд над ім адбываўся праз скайп.

13 сутак Руслану далі за нібыта сварку зь дзяўчынай 9 ліпеня.

«Мы пасварыліся на словах, — камэнтуе дзяўчына Руслана Алёна, якая прысутнічала на судзе. — Але міліцыю ніхто не выклікаў».

Да гэтай пары невядома, як супрацоўнікі міліцыі дазналіся пра сварку паміж маладымі людзьмі. Паводле Алёны, супрацоўнікі міліцыі — двое ў цывільным і трое ў форме — прыехалі да яе на трэці дзень пасьля сваркі, 11 ліпеня. Яе падманным шляхам вызвалі з хаты — нібыта распытаць пра суседа, які п’е. Замест гэтага пачалі задаваць пытаньні пра сварку. Дзяўчына адказала, што ніхто ёй крыўды не чыніў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі пабачылі відэа на ўсіх сайтах, ставіліся да мяне мякчэй», — віцяблянін, якога затрымалі з роварам

«У той жа дзень яны падпільнавалі мяне на прыпынку, калі я зьбіралася ехаць на лецішча, і патлумачылі, што мне трэба напісаць тлумачальную запіску наконт Руслана. Я нават расьпіску напісала, што мне ніхто не пагражаў — ні фізычна, ні псыхалягічна».

Заяву на Руслана ў міліцыю дзяўчына не пісала. У момант затрыманьня Руслану сказалі адваротнае.

Учора і сёньня Алёна прастаяла пад дзьвярыма Кастрычніцкага суду. Пра дату і час слуханьня ніхто не паведамляў. Заставалася толькі пільнаваць.

«Я напісала хадайніцтва, — кажа дзяўчына. — Калі няма заявы пацярпелага, яго ня маюць права асуджаць. Складу злачынства няма. На судзе я казала, што мяне ніхто ня крыўдзіў. Гэта сапраўды так. Я патрабавала спыніць працэс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандляры ў масках і антысэптыкі для кліентаў. Як выглядае Віцебск у першы дзень «Славянскага базару». ФОТА

Хадайніцтва Алёны не далучылі да справы. Працэс не спынілі, бо справу ўзбудзіла пракуратура.

«Усё паперакручвалі так, нібыта я і Руслан кажам няпраўду, — працягвае дзяўчына. — Маіх словаў ніхто ня слухаў. Гэта быў ня суд, а цырк. Захацела пракуратура і пасадзіла чалавека на 13 сутак — без падстаў, без званка ў міліцыю, без заявы».

Алёна кажа, што Руслана пачалі перасьледаваць пасьля яго ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі. Руслан — сябар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Удзельнічаў у зборы подпісаў. Сябры актывіста мяркуюць, што Руслана хочуць нэўтралізаваць на час правядзеньня агітацыі і выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асудзілі гарадзенца, якога затрымалі і выпусьцілі ў «справе Ціханоўскага»

«Яго пастаянна каля дому пільнавалі, — кажа яна. — Мяне выкарысталі як зачэпку. Я ім непатрэбная. Ім трэба было Руслана пасадзіць».

Алёна не адчувае сябе ў бясьпецы. У судзе дзяўчына папярэдзіла, што будзе выклікаць міліцыю кожны раз, як убачыць незнаёмых людзей паблізу свайго дому.

Суд скончыўся а пятай увечары. Пастанову Алёна ўбачыла толькі пасьля сёмай. З матэрыяламі справы зможа азнаёміцца ў наступны аўторак. На абскарджаньне рашэньня ў судзе далі пяць дзён, пачынаючы ад заўтрашняга дня.

19 ліпеня віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня закрываюць на рамонт. Пакуль невядома, ці адпусьцяць Руслана датэрмінова, ці перавядуць у ізалятар іншага гораду.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянты з Мастоў напісалі на шматдзетнага бацьку заяву пра абразу