Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні «Славянскага базару» ў Віцебску затрымалі паплечніка Ціханоўскай. Сябры: «Улада баіцца правакацый»


Руслан Ахрымчук

Віцябляніна Руслана Ахрымчука затрымалі раніцай 15 ліпеня. Пра гэта Свабодзе паведаміў сябар Руслана Алег Баразна, які прысутнічаў пры затрыманьні. Цяпер чалец ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле Алега Баразны, Руслана Ахрымчука перасьледавалі цягам некалькіх апошніх дзён. Яго спрабавалі затрымаць дома, а таксама на вуліцы падчас велашпацыру. Двойчы Руслану ўдалося сысьці ад перасьледу. У ноч з 14 на 15 ліпеня Руслан начаваў у сябра, бо дома не адчуваў сябе ў бясьпецы.

Паводле Алега Баразны, раніцай 15 ліпеня яны з Русланам выправіліся ў горад пасьнедаць. Калі вярталіся дадому, да іх падышлі двое мужчын у цывільным адзеньні. Яны сказалі, што на Руслана заведзеная адміністрацыйная справа паводле часткі 2 артыкула 9.1, які тычыцца правапарушэньняў у галіне сямейных адносін.

Руслана павезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Алег Баразна таксама паехаў ва ўчастак, каб дазнацца, на якой падставе адбылося затрыманьне. Начальнік Кастрычніцкага РАУС ад камэнтароў адмовіўся.

«Справа заведзеная незаконна, — кажа Алег Баразна, які мае юрыдычную адукацыю. — Яна можа быць заведзеная па заяве пацярпелага. Такой заявы не было».

Па словах Алега, у справе шмат незразумелых момантаў. Калі сварка і была, адкуль пра яе даведаліся праваахоўнікі? Міліцыю ніхто не выклікаў.

«Гэта ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё. Прычым грубае, — упэўнены Алег. — Імаверна, з мэтай прэвэнтыўнага затрыманьня. Калі так, сёньня яго не адпусьцяць, на што законных абгрунтаваньняў няма. Сёньня ў горадзе адкрыцьцё „Славянскага базару“. Улада баіцца правакацый менавіта ў гэты дзень. Хоць такіх плянаў ні ў кога не было».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG