Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры ў масках і антысэптыкі для кліентаў. Як выглядае Віцебск у першы дзень «Славянскага базару». ФОТА


У дзень афіцыйнага адкрыцьця «Славянскага базару» 16 ліпеня на вуліцах Віцебску людзей стала больш пасьля пятай гадзіны ўвечары. Чацьвер — працоўны дзень, а турыстаў на фэстывалі сёлета няшмат.

Арганізатары «Славянскага базару» не абвяшчалі абавязковы масачны рэжым на фэстывальных мерапрыемствах, большасьць якіх у гэтым годзе мае вулічны фармат. Рэкамэндацый рассаджваць гледачоў праз аднаго таксама не прагучала. Ці захоўваюць адлегласьць слухачы, якія зьбіраюцца перад адкрытымі гарадзкімі пляцоўкамі, ніхто не адсочвае.

Людзей у масках сярод мінакоў фэстывальнага гораду практычна няма. Масачнага рэжыму прытрымліваюцца гандляры і абслугоўваючы пэрсанал. Гэта — абавязковае патрабаваньне да ўдзельнікаў.

Уздоўж сквэру на вуліцы Кірава цягнуцца гандлёвыя шэрагі. Каля палатак з таварамі пераважна беларускай і расейскай вытворчасьці традыцыйна шмат людзей.

Марына ўжо трэці год прыяжджае ў Віцебск з Екацярынбургу. Яна гандлюе фітапрадукцыяй.

«Мы чатыры гадзіны стаялі на мяжы, — кажа жанчына. — Нас вельмі строга правяралі. Хаця мы мелі і запрашэньне гандлёва-прамысловай палаты, і дамову на арганізацыю гандлю, і тэст на COVID-19».

Марына кажа, што працаваць у масках і пальчатках цэлы дзень складана. Але гэта ўмова арганізатараў. Сёлета яна прыехала без калегі. Яе няма каму падмяніць.

«У мяне тут столькі эфірных алеяў — ніводны вірус не падбярэцца, — усьміхаецца гандлярка. — Віцябляне вельмі ахвотна іх набываюць».

У месцах грамадзкага харчаваньня таксама людна. У большасьці вулічных кавярняў, якія зьяўляюцца на час «Славянскага базару», — самаабслугоўваньне. Пэрсанал працуе ў масках. Для кліентаў на вітрынах абавязкова выстаўлены антысэптык.

«Людзі даволі актыўна ім карыстаюцца, — дзеліцца назіраньнямі прадавачка вулічнай кавярні „СНАВ“ з Менску. — За дзень мы ўжо другую бутэльку мяняем. Праўда, людзей сёлета мала. Увечары трошкі больш стала».

Стравы падаюць у аднаразовым посудзе. Разам з прыборамі кліентам прапануюць антыбактэрыяльныя сурвэткі. У кавярні таксама можна набыць маску і антысэптык.

«Праўда, ніхто яшчэ не набаваў», — прызнаецца прадавачка.

Асноўная страва вулічных кавярняў — шашлык. Яго таксама гатуюць у масцы і пальчатках.

Па ежу выстройваюцца чэргі. У іх ніхто сацыяльнай дыстанцыі не прытрымліваецца.

У цэнтральных кавярнях і рэстарацыях людзей няшмат. Рэстаратары ня могуць устрымацца ад параўнаньня з мінулымі гадамі. Першы дзень фэстывалю звычайна быў самым гучным і шматлюдным. Замежныя турысты — асноўнымі кліентамі.

«Турыстаў няма. Не параўнаць з мінулым годам, — камэнтуе гаспадыня кавярні „Клюква“ Сьвятлана. — Цяпер найбольш запатрабаваная адкрытая тэраса. У памяшканьне заходзяць зрэдчас. Хаця дыстанцыю паміж столікамі мы захоўваем».

У кавярні прытрымліваюцца неабходных захадаў бясьпекі. Афіцыянты працуюць у масках, сталы апрацоўваюць дэзынфэкцыйнымі сродкамі.

Як выконваюцца меры бясьпекі, штодзень правяраюць, кажа Сьвятлана.


У вулічных кавярнях наведнікаў больш, чым у рэстарацыях. Тут больш танная ежа і напоі.

Сьвятлана разам з мужам прыехала на «Славянскі базар» з Магілёва.

«Мы ўвогуле на вуліцы не харчуемся, — кажа яна. — У нас тут сваякі. Мы ў іх спыніліся. У горад толькі пагуляць выходзім».

Маску Сьвятлана не надзявае.

«Я прачытала, што з ёй яшчэ горш, — камэнтуе жанчына. — А чаго баяцца? У Віцебску цяпер больш бясьпечна. У вас успышка ўвесну была, а ў нас цяпер — усе шпіталі перапоўненыя».

Пешаходная зона ў Віцебску — асноўная пляцоўка вулічнага фэстывалю «На сямі вятрах».
Пешаходная зона ў Віцебску — асноўная пляцоўка вулічнага фэстывалю «На сямі вятрах».
Так гараджанам і турыстам нагадваюць выконваць захады бясьпекі
Так гараджанам і турыстам нагадваюць выконваць захады бясьпекі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG