Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань першым апублікаваў перадвыбарчую праграму

Старшыня партыі «Грамада» і кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань 16 ліпеня апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму.​

Чэрачань апублікаваў сваю праграму першым зь пяці кандыдатаў у прэзыдэнты.

Асноўныя тэзісы:

  • Увесьці мясцовае самакіраваньне для разьвіцьця рэгіёнаў;
  • Стварыць умовы для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу (правесьці «сумленную і празрыстую прыватызацыю»);
  • Разьвіваць нацыянальныя каштоўнасьці і самаідэнтычнасьць (вярнуць бел-чырвона-белы сьцяг, падтрымліваць беларускую мову і карыстацца расейскай, выйсьці з АДКБ і не ўваходзіць у NATO);
  • Адкрыць Беларусь для сьвету і сьвет для Беларусі;
  • Стварыць камфортнае асяродзьдзе для жыцьця беларусаў (адмяніць тэрміновую службу ў войску і разьмеркаваньне пасьля ўнівэрсытэтаў і каледжаў, зьменшыць падаткі);
  • Прыбраць тое, што перашкаджае беларусам жыць і працаваць (адмяніць «падатак на дармаедаў», транспартны падатак і абавязковае разьмеркаваньне, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне);
  • Вярнуць беларусам падтрымку і абарону дзяржавы;
  • Зрабіць дзяржаву абслуговым сэрвісам для грамадзян.