Кампанія незалежнага назіраньня за выбарамі «Права выбару-2020» распаўсюдзіла адкрыты зварот да чальцоў выбарчых камісій.
У звароце да сябраў участковых камісій назіральнікі адзначаюць, што для многіх зь іх гэта «далёка ня першы досьвед працы ў камісіях» і многія сумленна падлічвалі сваю купку бюлетэняў і перадавалі кіраўніку камісіі, «а што потым зьяўлялася ў пратаколе, вас не цікавіла», дый пратаколы падпісваліся часам загадзя, да заканчэньня галасаваньня.
«Магчыма, вы бачылі ў гэтым сэнс: навошта канфліктаваць з тымі, хто адначасова кіруе камісіяй і зьяўляецца вашым кіраўніком па працы. Усё роўна прэзыдэнт застанецца той жа, дэпутатам стане той, каго вызначылі наверсе», — адзначаюць у звароце.
Цяпер сытуацыя карэнным чынам зьмянілася, дадаюць назіральнікі, бо «большасьць людзей хочуць пераменаў, і ад вас залежыць, ці будуць гэтыя перамены мірнымі, ці ўлада ўвядзе краіну ў бездань гвалту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Адыдзі, тлустая карова!» Пасьля закрыцьця ЦВК адбыліся затрыманьні. ВІДЭА«Ад вас залежыць, як мы і вы будзем жыць заўтра, ці будуць нашыя мужчыны, ды і жанчыны, жыць у сваёй краіне, са сваімі сем’ямі, або паедуць у далёкае і блізкае замежжа ў пошуках лепшай долі, руйнуючы свае семʼі. Для гэтага трэба ўсяго толькі правільна падлічыць галасы, трэба, каб усе чальцы камісій і ўсе назіральнікі бачылі кожны бюлетэнь і чулі, за каго пададзены той ці іншы голас», — гаворыцца ў звароце.
Назіральнікі падкрэсьліваюць, што калі камусьці зь сябраў камісіі скажуць, што гэта не прадугледжана арт. 55 Выбарчага кодэксу, яны павінны нагадаць старшыні камісіі, што яе сябра, падпісваючы пратакол, адказвае за кожную лічбу ў ім, у тым ліку ў крымінальным парадку. Таму, калі бюлетэні не паказваюць усім, трэба настойваць на сваім праве пералічыць галасы, каб пераканацца, што лічбы ў пратаколе адпавядаюць рэчаіснасьці.
Таксама незалежныя назіральнікі абяцаюць падтрымку сябрам выбарчых камісій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У мяне пералом рукі». Пэнсіянэрка гаворыць, што атрымала цяжкую траўму на акцыі 14 ліпеня ў МенскуКампанія «Права выбару-2020» абʼядноўвае 8 палітычных і грамадзянскіх структур: Абʼяднаную грамадзянскую партыю (АГП), Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), рух «За свабоду», Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).
Мэта незалежнага назіраньня — дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, а таксама правядзеньне выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі і прынцыпамі.