Каля 20:00 ля плошчы Незалежнасьці фотакарэспандэнт Tut.by заўважыў старшыню Менгарвыканкаму Анатоля Сівака. За гадзіну да гэтага на плошчы пачалі затрымліваць людзей, якія хацелі аспрэчыць у Цэнтральнай выбарчай камісіі нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
Што адбылося?
15 ліпеня каля Дома ўраду ў Менску выстраілася чарга з ахвотных падаць скаргу ў Цэнтравыбаркам на яго ўчорашняе рашэньне аб адмове зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты. А 19-й гадзіне ЦВК зачыніўся, і АМАП пачаў затрымліваць людзей.
Чаму гэта важна?
На пачатку чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў Сіваку, што чакае ад яго і праваахоўнікаў поўнага парадку ў Менску. Сівак выказваў меркаваньне, што празь людзей, накіраваных на абвастрэньне сытуацыі, збор подпісаў падчас перадвыбарчай кампаніі можа ператварыцца ў масавае мерапрыемства. Лукашэнка называў чэргі беларусаў на перадвыбарчых пікетах «малой і вялікай карусэльлю».