На наступны дзень пасьля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія не зарэгістравала кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, людзі прыйшлі падаць скаргу на гэтае рашэньне. 15 ліпеня чарга з дзьвюх тысяч чалавек расьцягнулася больш як на кілямэтар. А 19-й гадзіне ЦВК зачыніўся, і АМАП пачаў затрымліваць людзей.
За гадзіну да сканчэньня працы ЦВК міліцыянты заклікалі людзей з чаргі разысьціся, папярэджваючы, што яны не пасьпеюць падаць скаргу асабіста. Ад 16 ліпеня ЦВК будзе прымаць скаргі праз электронную і звычайную пошту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Адыдзі, тлустая карова!» Пасьля закрыцьця ЦВК адбыліся затрыманьні. ВІДЭАЧарга авацыямі вітала прадстаўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву і адваката Бабарыкі Ільлю Салея. Калесьнікава падзякавала беларусам, якія выйшлі 14 ліпеня на акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі.
Пасьля завяршэньня стрыму людзі ў цывільным схапілі карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку БелаПАН Віялету Саўчыц. Іх зьвезьлі ў мікрааўтобусе. Пазьней высьветлілася, што іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Журналістаў вызвалілі.
Акрамя гэтага, праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьні яшчэ 4 чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», у Барысаве затрымалі 15 чалавек, у Горадні — 5.