Пасьля закрыцьця ЦВК пачаліся затрыманьні людзей з чаргі

На вуліцы Мясьнікова АМАП пачаў затрымліваць людзей з чаргі. Вуліцу Мясьнікова перакрылі аўтазакамі і сілавікамі.​

Гэта адбылося пасьля закрыцьця Цэнтральнай выбарчай камісіі а 19-й гадзіне. Таксама адбыліся затрыманьні каля гатэлю «Менск». Колькі менавіта людзей затрымалі на момант публікацыі невядома.

Як перадае карэспандэнт Свабоды, зачыстка пачалася а 19:09. Людзі ў цывільным пачалі затрымліваць выпадковых людзей, якія разыходзяцца з чаргі, і забіраць іх у аўтазакі. Людзі не разьбягаліся, а працягвалі спакойна разыходзіцца. Зачыніліся станцыі мэтро «Плошча Перамогі» і «Кастрычніцкая».​

Здымачную групу Свабоды АМАП хацеў пасадзіць у свой аўтобус, але пабачыўшы дакумэнты, адпусьцілі.

Сьведка-хлопец сказаў Свабодзе, што па рацыі чуў, як загадвалі затрымліваць толькі мужчын. Сьведкі-жанчыны кажуць, што АМАПавец штурхнуў жанчыну і сказаў «Адыдзі, тлустая карова!»​.

15 ліпеня ля Дома ўраду ў Менску выстраілася чарга з ахвотных падаць скаргу ў Цэнтравыбаркам на яго ўчорашняе рашэньне аб адмове зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты.