Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка сустрэўся 8 ліпеня з калектывам Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня (БАТЭ) і расказаў пра захады дзяржавы ў падтрымцы эканомікі падчас пандэміі каранавірусу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як заявіў Раман Галоўчанка, агулам сытуацыя ў беларускай эканоміцы не «абсалютна вясёлкавая», але «кантраляваная». За пяць месяцаў беларуская эканоміка «недабрала» 1,8% валавага ўнутранага прадукту, але ў Расеі і краінах Эўразьвязу страты большыя, заявіў прэм’ер. А страты беларускай эканомікі, мяркуе ён, нельга кампэнсаваць за кошт нейкіх рэзэрваў — «у нас такіх няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сельская гаспадарка Беларусі ў пандэмію зарабіла 418 мільёнаў рублёў. Глядзім, як гэта атрымаласяПадтрымка беларускай эканомікі ва ўмовах пандэміі, заявіў прэм’ер, ужо склала 23 млн беларускіх рублёў — каля 9,5 млн даляраў па курсе на момант публікацыі. Гэтая сума — не наўпроставая падтрымка, а прэфэрэнцыі і падатковыя палёгкі паводле ўказу №143. Таксама дзейнічае ўказ №178, які дае небюджэтным арганізацыям права на субсыдыі для даплатаў працаўнікам за няпоўны працоўны час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта проста адпіска». Чым дапаможа бізнэсу ўказ Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі»Папярэдні ўрад зь Сяргеем Румасам на чале плянаваў падтрымку эканомікі ў час пандэміі на большую суму — 110 млн рублёў. Тагачасны намесьнік міністра эканомікі абяцаў, што падтрымка дасягне «некалькіх адсоткаў ВУП» (1% ВУП 2019 году — каля 1,32 млрд рублёў).
Тым часам Латвія — самая маленькая краіна з суседніх зь Беларусьсю, з насельніцтвам, меншым у 5 разоў — мае пусьціць 4,5 млрд эўра на пераадоленьне каранавіруснага крызісу. Зь іх 2 млрд эўра маюць пайсьці на пашырэньне ўжо прынятых захадаў кшталту выплаты дапамогі грамадзянам і разьвіцьця інфраструктуры, 1,5 млрд — для кампэнсацыі недабору падаткаў і 1 млрд — на інвэстыцыі ў прыватны сэктар.