Гарадзенец Уладзімер Кніга, які раней служыў у АМАПе, расказаў, што адбывалася на Савецкай плошчы 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага.
Цяпер Кнігу трымаюць у СІЗА № 1 у Менску. 30 чэрвеня яго праз Skype судзілі за дробнае хуліганства на пікеце 29 траўня. Затрымалі яго на іншым пікеце 4 чэрвеня. А пратакол склалі 7 чэрвеня.
Сьцісла пра Ўладзімера Кнігу
- Адзін з 9 фігурантаў «справы Ціханоўскага».
- 39 гадоў, жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей, адзін зь іх інвалід.
- Апошнім часам працаваў кіроўцам сьмецьцявоза.
- Раней служыў у АМАПе.
- Не давучыўся на юрыста, бо, кажа, «камусьці стаў не даспадобы ў 2012 годзе».
- У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэньне ўлады. На сёньня тая судзімасьць пагашаная.
- Сёлета быў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна, разьбіраемся з экспэртаміПаводле пратаколу, Кніга парушаў грамадзкі парадак, нецэнзурна лаяўся, чапляўся да людзей, перашкаджаў руху транспарту, схапіў і адштурхнуў міліцыянта Рахунка.
Кніга віны цалкам не прызнаў. Ён расказаў, што прыйшоў на пікет каля 19:40–19:50, стаяў адасоблена. Заўважыў на плошчы шмат міліцыянтаў у цывільным і ў чорнай форме без апазнавальных знакаў. Пазнаў іх «па позірках, адзеньні, фрызуры, тым, як яны трымаліся па двое і азіраліся на 360 градусаў». Адцеміў, як супрацоўнікі ў цывільным папраўлялі нябачныя спэцсродкі на поясе.
«Такое адчуваньне, што ўвесь горадзенскі гарнізон быў задзейнічаны на плошчы дзеля аднаго чалавека», — сказаў Кніга. І адзначыў, што такая канцэнтрацыя сілавікоў характэрная для масавых мерапрыемстваў: «Футбол, хакей, фэстываль або спэцапэрацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Горадні прайшоў суд над фігурантам «справы Ціханоўскага», якому міліцыянт «наступіў каленам на галаву»Інцыдэнт, у выніку якога апынуўся на зямлі міліцыянт, Кніга назваў «незразумелай акторскай пастаноўкай», а затрыманьне Ціханоўскага — «барбарствам».
«Бачыў, як яго нясуць на руках... Такое адчуваньне, што вельмі сур’ёзнага злачынцу злавілі», — сказаў Кніга.
«Мне было балюча і горка. Я расчараваўся, што працаваў раней (у АМАПе. — РС)», — адзначыў Кніга.
Адвакатка Ўладзімера Кнігі Сьвятлана Гарбаток
На суд ён прыйшоў у масцы, сонечных акулярах і сьвітшоце з «Пагоняй» і надпісам Belarus.
Адвакатка Кнігі Сьвятлана Гарбаток у якасьці аднаго з аргумэнтаў невінаватасьці свайго падабароннага прадставіла суду відэаразбор падзей на пікеце ў Горадні з сайта Свабоды.
Але суд Ленінскага раёну Горадні пастанавіў арыштаваць Кнігу на 7 сутак.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.