Што Пуцін наабяцаў расейцам перад галасаваньнем за «абнуленьне» яго прэзыдэнцкіх тэрмінаў

Уладзімір Пуцін

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў са зваротам да жыхароў Расейскай Фэдэрацыі 23 чэрвеня — за два дні да пачатку датэрміновага галасаваньня за папраўкі ў Канстытуцыю, якія дазволяць яму застацца ва ўладзе яшчэ на два прэзыдэнцкія тэрміны. Асноўны дзень галасаваньня — 1 ліпеня.

Што ён паабяцаў, пераказала расейская служба Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі завабліваюць на выбарчыя ўчасткі дармовымі кватэрамі, аўтамабілямі ды смартфонамі

Паводле ацэнкі Пуціна, павелічэньне падатку на прыбытак, большы за 5 млн расейскіх рублёў (гэта прыблізна 172 тысячы беларускіх паводле курсу на момант публікацыі), з 13 да 15% прынясе ў скарб дадаткова 60 млрд расейскіх рублёў (2 млрд беларускіх) штогод. Пуцін прапанаваў гэтыя грошы накіраваць на лячэньне дзяцей з рэдкімі хваробамі і на закуп мэдычнай тэхнікі. Падатковыя зьмены ўвядуць ад 1 студзеня 2021 году.

Пуцін паабяцаў у ліпені зноў выплаціць расейскім сем'ям па 10 тысяч расейскіх рублёў (344,5 беларускага рубля) на дзяцей да 16 гадоў. Усе ранейшыя захады падтрымкі расейцаў, якія страцілі працу падчас пандэміі, дзейнічаюць у ліпені і жніўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абнуленьне тэрмінаў Пуціна ўхваляюць крыху менш за палову расейцаў, — «Левада-цэнтар»

Кіраўнік Расеі даручыў ураду ў 2021 годзе зьнізіць беспрацоўе да ўзроўню, які быў перад пачаткам эпідэміі.

Таксама Пуцін прапанаваў пашырыць праграму льготнай іпатэкі і выплатаў сацыяльным работнікам.

Ён паабяцаў зьнізіць падаткі IT-кампаніямі. Расейскім рэзыдэнтам — уладальнікам замежных кампаніяў прапануецца фіксаваная стаўка падатку ў памеры 5 млн расейскіх рублёў (172 тысячы беларускіх) на год.

Акрамя таго, Пуцін паабяцаў маштабныя ўкладаньні ў інфраструктурныя праекты, будаўніцтва дарог і абнаўленьне грамадзкага транспарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі амаль 200 мясцовых дэпутатаў выступілі супраць паправак у Канстытуцыю і назвалі іх спробай дзяржаўнага перавароту