Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завабліваюць на выбарчыя ўчасткі дармовымі кватэрамі, аўтамабілямі ды смартфонамі


У Краснаярскім краі Расеі падчас галасаваньня аб папраўках у Канстытуцыю РФ будуць разыграныя дзесяць аднапакаёвых кватэраў, дзесяць аўтамабіляў і пяцьдзясят смартфонаў, паведамляе сайт «Сибирь.Реалии».

Адзначаецца, што адмысловую віктарыну на веданьне Канстытуцыі, пераможцы якой атрымаюць дарагія прызы, улады плянуюць праводзіць каля выбарчых участкаў. Яны запрацуюць 25 чэрвеня — у дзень пачатку датэрміновага галасаваньня па папраўках.

Хто аплачвае прызы — не паведамляецца.

У панядзелак выданьне «Адкрытыя мэдыя» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі паведаміла, што ў Крамлі паставілі задачу перад губэрнатарамі забясьпечыць падчас галасаваньня па папраўках у Канстытуцыю яўку ня менш за 60%.

На мінулым тыдні Цэнтральная выбарчая камісія Расеі выпусьціла інструкцыю па электронным галасаваньні, якое пройдзе ў Маскве і Ніжнім Ноўгарадзе. У ёй ЦВК фактычна наўпрост агітуе аддаць свой голас за папраўкі.

  • Унясеньне зьменаў у Канстытуцыю Расеі ініцыяваў Уладзімір Пуцін у студзені. Тады ж ён заявіў, што папраўкі павінны быць ухваленыя ўсенародным галасаваньнем, хоць закон гэтага не патрабаваў. Першапачаткова галасаваньне плянавалася на 22 красавіка, але з прычыны пандэміі каранавірусу яго перанесьлі на нявызначаны тэрмін. Пазьней Уладзімір Пуцін прызначыў яго на 1 ліпеня з магчымасьцю датэрміновага галасаваньня.
  • Сярод зьменаў Асноўнага Закону, якія абмяркоўваюцца найбольш, — прыярытэт расейскай Канстытуцыі над міжнародным правам і «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў, якое ў выпадку прыняцьця паправак дазволіць Пуціну яшчэ двойчы абірацца на пасаду кіраўніка краіны. Таксама будуць пераразьмеркаваныя паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады — прэзыдэнт атрымае яшчэ больш паўнамоцтваў, чым цяпер.
  • Для ўступленьня паправак у сілу неабходна, каб іх ухвалілі больш за палову ўдзельнікаў усенароднага галасаваньня. Яўка значэньня ня мае — у адрозьненьне ад рэфэрэндуму, дзе патрабуецца, каб на ўчасткі прыйшлі больш за палову выбарнікаў.
  • Шэраг прадстаўнікоў расейскай апазыцыі заклікаюць байкатаваць галасаваньне, сьцьвярджаючы, што ва ўладаў ёсьць усе інструмэнты для таго, каб яго сфальсыфікаваць. Іншыя заклікаюць прыйсьці на ўчасткі і прагаласаваць супраць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG