Упершыню ў гісторыі Беларусі. Як праводзіць выбары, калі рахунак кандыдата заблякаваны — разьбіраемся з экспэртамі

17 чэрвеня стала вядома, што рахунак выбарчага фонду Віктара Бабарыкі заблякаваны. Свабода разабралася, хто мог прыняць такое рашэньне і што з гэтым можна зрабіць.

Больш за 100 тысяч рублёў на рахунку выбарчага фонду Віктара Бабарыкі заблякаваныя. Гэта адзіныя сродкі, якія кандыдат пасьля рэгістрацыі можа траціць на агітацыю, рэкляму ды іншыя рэчы.

Сам Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард з раніцы 18 чэрвеня перасталі выходзіць на сувязь. Па неафіцыйнай інфармацыі, яны на допыце ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю, які раней завёў крымінальную справу на былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Віктар Бабарыка кіраваў гэтым банкам 20 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі запісалася рэкордная для альтэрнатыўнага кандыдата колькасьць людзей

ЦВК: мы ня можам заблякаваць рахунак выбарчага фонду

Прадстаўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Алена Дзьмухайла патлумачыла Свабодзе, што яны рахунак заблякаваць ня могуць.

«Мы адносін да блякаваньня ня маем, Выбарчы кодэкс гэтага не рэгулюе. Выбарчы кодэкс рэгулюе парадак адкрыцьця рахункаў і іх выкарыстаньне. Гэта абставіны, якія не зьвязаныя з выбарамі», — патлумачыла Алена Дзьмухайла.

Заблякаваць рахунак маглі ў межах крымінальнай справы, якую завялі адносна былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Справай займаецца ДФР, дазваніцца туды Свабодзе не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адвакаты Бабарыкаў паскардзіліся ў Генэральную пракуратуру. ВІДЭА

«Гэта першы раз у гісторыі»

Паводле юрыста і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, раней рахункі выбарчага фонду кандыдата не блякавалі ніколі.

«Гэта сур’ёзна абмяжоўвае магчымасьці кандыдата. Улады, хутчэй за ўсё, будуць вымушаныя зарэгістраваць Бабарыку, але хочуць максымальна яго абмежаваць у агітацыі. Усе выдаткі, звыш таго, што дазволена законам, павінны брацца з фонду. Іншыя сродкі выкарыстоўваць нельга», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Згодна з законам, бясплатна, бяз грошай з фонду кандыдат можа:

Выступіць па тэлевізіі
Удзельнічаць у дэбатах, калі пагодзяцца іншыя ўдзельнікі
Надрукаваць праграму ў адной з нацыянальных газэт

Нават улёткі кандыдат мусіць друкаваць, выкарыстоўваючы толькі грошы са свайго фонду. Улёткі з агульнай інфармацыяй пра кандыдатаў (фатаздымкі, імя і прозьвішча, даход) дзяржава друкуе за свае грошы.

«Адзінае, што застаецца, — гэта сацсеткі, дзе сябе можна прасоўваць. На гэта, напрыклад, рабіў упор Уладзімір Зяленскі ва Ўкраіне», — прыгадвае Валянцін Стэфановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амбасадараў краін Эўразьвязу запрасілі на сустрэчу ў МЗС Беларусі

Але калі замаўляць у сетках рэкляму (а яна значна павялічвае аўдыторыю), то на гэта патрэбныя грошы, а іх можна траціць толькі з выбарчага фонду.

Выбарчы фонд Віктара Бабарыкі — самы вялікі ў параўнаньні з фондамі іншых прэтэндэнтаў (толькі пра фонд Аляксандра Лукашэнкі нічога не вядома). Па стане на 10 чэрвеня ў яго паступіла 155 тысяч рублёў, 42 тысячы зь іх ужо патрацілі.

На поўдзень 18 чэрвеня штаб Віктара Бабарыкі паведаміў, што сам прэтэндэнт і ягоны сын у ДФР, іх дапытваюць без адваката.