Пад Пухавічамі затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. ВІДЭА

Сяргей Пятрухін, красавік 2019

Аўтара каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пятрухін быў у вёсцы ў Пухавіцкім раёне ў доме сваёй сяброўкі. Каб затрымаць блогера, туды прыехалі два бусы зь міліцыянтамі і ад самага ранку сачылі за домам. Перад затрыманьнем яны паведамілі Пятрухіну, што забіраюць яго на «неадбытыя суткі».

Куды менавіта павезьлі блогера — пакуль невядома.

Напярэдадні ў Берасьці затрымалі паплечніка Пятрухіна, блогера Аляксандра Кабанава — прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Цяпер Кабанаў у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця. Прычыны затрыманьня невядомыя.