Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка 15 чэрвеня наведвае выбарчы пікет у Бабруйску.
У размове са Свабодай бабруйчанка сказала, што ў горадзе больш абмяркоўваюць патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Бабарыку і Цапкалу.
Што сказаў Бабарыка?
- «Беларусь — гэта ня толькі сталіца, гэта ня толькі Менск і Менская вобласьць. Гэта рэальна рэгіёны». Бабарыка сказаў, што выступае за пашырэньне рэгіянальнага самакіраваньня. Каб мэраў гарадоў абіралі самі людзі.
- «У дзяржавы не бывае дзяржаўных грошай. Усе грошы дзяржавы — гэта грошы людзей, гэта вашыя падаткі».
- «Ніхто ня мае права казаць, што дзяржава — гэта я».
- Паводле Бабарыкі, любое рашэньне, якое будзе прымаць яго каманда пасьля перамогі на выбарах, будзе разглядацца, каб не пагоршыць сытуацыю. «Сёньняшняя сытуацыя нядобрая, але няправільна лічыць, што новы прэзыдэнт пачне рэформы і стане яшчэ горш».
«Беларусь — гэта ня толькі сталіца, гэта рэальна рэгіёны». Як прайшоў пікет Бабарыкі ў Бабруйску. Фотагалерэя
- Бабарыка сказаў, што хоча, каб у беларускіх школах на аднолькавым узроўні вывучалі беларускую, расейскую і ангельскую мовы.
- Бабарыка бачыць барацьбу зь беспрацоўем у стварэньні ўмоваў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. «Разьвіцьцё дробнага і сярэдняга бізнэсу — гэта драйвэр росту любой эканомікі. У нас чамусьці лічыцца, што трэба працаваць на буйным прадпрыемстве і рабіць тое, што нікому ня трэба».
- Пэнсійная рэформа патрабуе зьменаў, але павялічваць пэнсійны ўзрост яшчэ больш Бабарыка ня бачыць патрэбы.
- Гаворачы пра магчымасьць продажу карцін з калекцыі «Белгазпрамбанку» за мяжу, Бабарыка адзначыў, што цяпер не кіруе банкам і ня можа камэнтаваць сытуацыю. «Але, па лёгіцы, навошта было вяртаць карціны ў краіну, выстаўляць іх у адкрыты доступ? Каб пасьля вывезьці за мяжу? Дый навошта іх прадаваць? Яны належаць акцыянэрам банку». Напярэдадні на тэлеканале «Беларусь 1» паведамлялі, што «карціны рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны».