У Віцебску 1 чэрвеня прайшлі суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявы перакрэсьленага таракана.
Паводле інфармацыі «Віцебскай Вясны», 31 траўня былі затрыманыя Алег Баразна, Аляксандар Ільінец, Аляксей Саламаненка і Эдуард Плюсьнін. Усе чацьвёра дапамагалі ініцыятыўнай групе ставіць намёт і афармляць месца збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд у Гомлі даў новыя штрафы за акцыю ў падтрымку Сяргея ЦіханоўскагаСуткі перад судамі затрыманыя правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 30 траўня каля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці» з выкарыстаньнем плякатаў «Свабоду Ціханоўскаму!» і «No pasarán!», а таксама выявы перакрэсьленага таракана.
Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска (судзьдзя Царыкаў) аштрафаваў Алега Баразну на 1080 рублёў. Суд Чыгунанага раёну (судзьдзя Цыганкова) пакараў штрафам 540 рублёў Эдуарда Плюсьніна. Тая ж судзьдзя ня ўгледзела правапарушэньня ў дзеяньнях Аляксандра Ільінца, і ягоную справу накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
195 затрыманых, 719 сутак арышту, больш за 60 тысяч рублёў штрафаў і — перасьлед беларусаў за травень у лічбахЛёс Аляксея Саламаненкі быў невядомы да вечара 1 чэрвеня. Толькі пасьля 18.00 жонка Аляксея дазналася, што ягоную справу разглядае суд Першамайскага раёну. Судзьдзя Барысава прызнала актывіста вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 23.34 КаАП) і аштрафавала на 810 рублёў.