Праваабаронца паскардзіўся ў ААН на адсутнасьць дэталёвай інфармацыі пра COVID-19 у Беларусі

Алег Мацкевіч, архіўнае фота

Барысаўскі праваабаронца цэнтру «Вясна» Алег Мацкевіч зьвярнуўся да спэцыяльных дакладчыкаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з заявай аб парушэньні Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязкаў у сувязі з інфармаваньнем пра распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Алега Мацкевіча, Міністэрства аховы здароўя Беларусі адмаўляецца ад прадстаўленьня грамадзянам падрабязнай статыстыкі аб распаўсюдзе COVID-19 — лякальная статыстыка па эпідэмічным стане нідзе не публікуецца, не даецца нават у адказ на звароты грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі. Публікуюцца толькі лічбы агулам па ўсёй краіне.

«Такая практыка парушае права грамадзян фармаваць і выказваць аб'ектыўную думку пра стан навакольнага асяродзьдзя, пагрозы і выклікі, зьвязаныя з эпідэміялягічнай сытуацыяй, прыводзіць да неадэкватных рашэньняў і паводзін, якія небясьпечныя для здароўя і жыцьця асобных людзей і грамадзтва ў цэлым», — гаворыцца ў звароце Мацкевіча.

Праваабаронца просіць спэцыяльных дакладчыкаў «адрэагаваць на парушэньні ўсімі спосабамі, якія ёсьць у іх распараджэньні». Звароты ён накіраваў дакладчыкам ААН:

  • у пытаньнях становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі — Анаіс Марэн;
  • у пытаньнях права на найвышэйшы дасяжны ўзровень фізычнага і псыхічнага здароўя — Дайнюсу Пурасу;
  • у пытаньнях заахвочваньня і абароны права на свабоду думкі і яе свабоднае выяўленьне — Дэвіду Кае.

Раней з падобнай просьбай Мацкевіч зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру Беларусі, але начальніца аддзелу нагляду за захаваньнем правоў і свабод грамадзян Марына Папова адказала яму, што канкрэтных зьвестак аб парушэньні заканадаўства ён не паказаў, таму падстаў для праверкі няма. Мацкевіч таксама зьвяртаўся ў пракуратуру Барысаўскага раёну са скаргай на адсутнасьць зьвестак пра сытуацыю на мясцовым узроўні, адтуль ягоную скаргу накіравалі ў мясцовыя лякарні — ніводная не адказала па сутнасьці і не раскрыла зьвестак.

Мацкевіч нагадвае, што Беларусь празь міжнародныя дамовы ўзяла на сябе абавязак «устрымлівацца ад утойваньня ці наўмыснага скажэньня інфармацыі ў пытаньнях здароўя» і «адкрываць шырокі доступ да ўрадавай інфармацыі, якая мае грамадзкую цікавасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў

Тым часам у Беларусі больш за месяц публікуецца амаль аднолькавая статыстыка: штодзень паведамляюць пра дзевяць сотняў новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі і 4–6 сьмерцяў. Роскід беларускіх штодзённых зьвестак пра новыя выпадкі самы малы сярод усіх краінаў сьвету.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Магілёўскія мэдыкі абвінавацілі кіраўніцтва ва ўтойваньні зьвестак пра каранавірус і ў недаплатах