Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскі сапраўды дапамагаюць супраць каранавірусу, — навуковае дасьледаваньне


Спрэчкі пра эфэктыўнасьць масак на твар не спыняюцца практычна з самага пачатку каранавіруснай пандэміі. Але цяпер група навукоўцаў з ЗША і Тайваню апублікавала дасьледаваньне, у якім неабходнасьць насіць маскі тлумачыцца прыродай часьціц, якія пераносяць вірусы.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі​

Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі, спасылаючыся на артыкул, апублікаваны ў часопісе Science.

Аўтары артыкулу нагадваюць, што традыцыйна захады кантролю за інфэкцыйнымі захворваньнямі, якія распаўсюджваюцца паветрана-кропельным шляхам, палягалі на ізаляцыі ад грамадзтва відавочных носьбітаў хвароб, якія чхалі і кашлялі.

Аднак у выпадку з COVID-19 усё пайшло іначай з прычыны таго, што інфікаваныя людзі доўга (а некаторыя і зусім) не праяўлялі бачных сымптомаў захворваньня. Пры размове і проста дыханьні яны выкідалі ў атмасфэру паветрана-кропельную сумесь, насычаную вірусамі, якая доўна вісела ў паветры, асабліва ў закрытых памяшканьнях, у аэразольным стане. Пры ўдыхваньні гэтая сумесь магла трапіць глыбока ў лёгкія, дзе узьнікала крыніца заражэньня.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што калі людзі дыхаюць, яны выдзяляюць часьціцы вільгаці памерам ад 0,1 до 1000 мікрамэтраў (раней іх называлі мікронамі). Буйнейшыя часьцінкі хутчэй асядаюць на паверхні, заражаючы яе. Драбнейшыя выпараюцца хутчэй, але і лягчэй пераносяцца па паветры, прычым на значныя адлегласьці. І абодва шляхі — паветраны і пры дотыку з інфікаванай паверхняй — патэнцыйна могуць прывесьці да заражэньня.

Што тычыцца выкарыстаньня масак, у закрытых памяшканьнях навукоўцы рэкамэндуюць насіць шчыльна прылеглыя маскі, нават калі людзі захоўваюць сацыяльную дыстанцыю два мэтры. У адваротным выпадку, як сьцьвярджаюць спэцыялісты, ні тэставаньне, ні дыстанцыяваньне, ні адсочваньне кантактаў не дапамогуць, бо бессымптомным заражаным можа аказацца любы чалавек.

Менавіта пасьля таго, як было выяўлена, што перадача інфэкцыі бессымптомнымі носьбітамі магла стаць прычынай распаўсюду COVID-19 па ўсім сьвеце, Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала ўсім без вынятку насіць маскі.

Аўтары артыкулe ў Science адзначаюць, што маскі сапраўды забясьпечваюць нас важным бар’ерам, зьніжаючы лік шкодных вірусаў у выдыху хворых зь нязначнымі сымптомамі ці ўвогуле бязь іх. Матэрыял, зь якога зробленыя хірургічныя маскі, прыкметна паніжае верагоднасьць заражэньня COVID-19.

Здольнасьць масак хатняга вырабу да эфэктыўнай фільтрацыі паветрана-кропельных сумесяў нягледзячы на розьніцу ў таўшчыні, матэрыялах і колькасьці іх пластоў, як высьветлілася, ня шмат саступае здольнасьці прафэсійных хірургічных масак.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG